Пошук


7 лістапада папа Францішак прызначыў двух падсакратароў Дыкастэрыі па справах свецкіх, сям’і і жыцця. Імі сталі італьянкі Габрыэла Гамбіна і Лінда Гізоні. Першая будзе працаваць у Секцыі па справах жыцця, а другая — у Секцыі па справах свецкіх вернікаў.

Габрыэла Гамбіна з’яўляецца спецыялістам у юрыспрудэнцыі і біяэтыцы. У 2002 г. была прызначана навуковым экспертам Нацыянальнага камітэта па біяэтыцы пры Савеце Міністраў Італіі.

У перыяд паміж 2013-2016 гг. супрацоўнічала з Папскай радай па справах свецкіх і Папскай акадэміяй жыцця. Займаецца даследчыцкай і выкладчыцкай дзейнасцю на факультэтах філасофіі і права рымскага ўніверсітэта «Тор-Вергата», а таксама ў Папскім тэалагічным інстытуце навук аб сужэнстве і сям’і імя Яна Паўла ІІ. З’яўляецца аўтарам шматлікіх публікацый на тэму жыцця, сужэнства і сям’і. Замужам, выхоўвае пецярых дзяцей.

Лінда Гізоні спецыялізуецца на філасофіі, тэалогіі і кананічным праве Касцёла. Праходзіла падрыхтоўку пры Трыбунале Рымскай Роты і Кангрэгацыі Божага Культу і Дысцыпліны Сакрамэнтаў, пасля чаго працавала ў гэтых ватыканскіх структурах, а таксама ў касцёльным судзе Рымскага вікарыяту. У перыяд паміж 2013-2016 гг. супрацоўнічала з Папскай радай па справах свецкіх, вывучаючы пытанні, звязаныя з роляй свецкіх вернікаў у Касцёле.

На дадзены момант з’яўляецца суддзёй Трыбуналу першай інстанцыі Рымскага вікарыяту, дацэнтам факультэта кананічнага права ў Папскім Грыгарыянскім універсітэце і дацэнтам юрыдычнага факультэта рымскага ўніверсітэта «Рома Трэ». Замужам, мае дваіх дзяцей.

Дыкастэрыя па справах свецкіх, сям’і і жыцця была заснавана 15 жніўня 2016 г. Яна пераняла функцыі, які дагэтуль выконвалі дзве Папскія рады: па справах свецкіх і па справах сям’і. Узначальвае структуру амерыканскі кардынал ірландскага паходжання Кэвін Джозэф Фарэл.

Абноўлена 08.11.2017 22:21
Пры выкарыстанні матэрыялаў Catholic.by спасылка абавязковая. Калі ласка, азнаёмцеся з умовамі выкарыстання

Дарагія чытачы! Catholic.by — некамерцыйны праект, існуе за кошт ахвяраванняў і дабрачыннай дапамогі. Мы просім падтрымаць нашу дзейнасць. Ці будзе наш партал існаваць далей, у значнай ступені залежыць ад вас. Шчыра дзякуем за ахвярнасць, молімся за ўсіх, хто нас падтрымлівае.

. . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . .
Папа Францішак

Бог заўсёды чакае нас.
Ён ніколі не губляе надзеі і заўсёды прабывае побач.