Пошук


У апошні дзень сумеснага ўспаміну 500-годдзя Рэфармацыі, 31 кастрычніка, Папская рада спрыяння хрысціянскаму адзінству і Сусветная лютэранская федэрацыя апублікавалі сумеснае паведамленне.

У дакуменце пералічваецца плён гэтага года, адным з якіх з’яўляецца просьба аб прабачэнні за правіны і ўзаемныя крыўды, нанесеныя на працягу апошняй пяцівекавой гісторыі.

Пераадоленне забабонаў, умацаванне ўзаемнага паразумення, імкненне да важных тэалагічных пагадненняў — вынікі экуменічнага шляху, які католікі і лютэране прайшлі за апошнія 50 гадоў.

Сярод значных падзей успаміну 500-годдзя Рэфармацыі ўзгадваецца каталіцка-лютэранская малітва, якая прайшла 31 кастрычніка 2016 г. у шведскім горадзе Лунд пры ўдзеле папы Францішка і епіскапа Муніба Юнана, тагачаснага кіраўніка Сусветнай лютэранскай федэрацыі.

У межах гэтай сустрэчы была падпісана сумесная каталіцка-лютэранская дэкларацыя, у якой бакі абавязаліся працягваць ісці разам па экуменічным шляху да поўнага адзінства, аб чым маліўся Хрыстус, а таксама пагадненне аб супрацоўніцтве ў сацыяльнай сферы паміж Caritas Internationalis і Сусветным служэннем Сусветнай лютэранскай федэрацыі.

На працягу гэтага года, як адзначаецца ў паведамленні, «католікі і лютэране ўпершыню ўбачылі Рэфармацыю з экуменічнай перспектывы», што зрабіла магчымым новае разуменне падзей ХVI стагоддзя, якія прывялі да падзелу.

Бакі выказалі жаданне працягваць разважаць над супольным разуменнем Касцёла, Эўхарыстыі і служэння, з усведамленнем, што іх аб’ядноўвае больш, чым падзяляе.

Абноўлена 03.11.2017 15:05
Пры выкарыстанні матэрыялаў Catholic.by спасылка абавязковая. Калі ласка, азнаёмцеся з умовамі выкарыстання

Дарагія чытачы! Catholic.by — некамерцыйны праект, існуе за кошт ахвяраванняў і дабрачыннай дапамогі. Мы просім падтрымаць нашу дзейнасць. Ці будзе наш партал існаваць далей, у значнай ступені залежыць ад вас. Шчыра дзякуем за ахвярнасць, молімся за ўсіх, хто нас падтрымлівае.

. . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . .
Папа Францішак

Спагадлівасць - гэта праява Божай
Міласэрнасці, адзін з сямі дароў Святога Духа