10 і 11 лістапада ў Ватыкане па ініцыятыве папы Францішка будзе праходзіць саміт па ядзерным раззбраенні. У форуме прымуць удзел прадстаўнікі ААН і НАТА, а таксама прадстаўнікі зацікаўленых бакоў паўночнакарэйскага крызісу: ЗША, Паўднёвай Карэі і Расіі.
Да ўдзелу запрошаны ўсе краіны, якія падпісалі Дамову ААН аб нераспаўсюджванні ядзернай зброі. Арганізатары спадзяюцца на прысутнасць прадстаўнікоў усіх краін, якія валодаюць ядзерным арсеналам. Форум адкрые папа Францішак.
У Ватыкан прыедуць таксама лаўрэаты Нобелеўскай прэміі міру, у тым ліку і сёлетні — Міжнародная кампанія за адмену ядзернай зброі (ICAN). Апостальскую Сталіцу будуць прадстаўляць Дзяржаўны сакратар Яго Святасці кардынал П’етра Паралін і прэфект Дыкастэрыі па служэнні інтэгральнаму развіццю чалавека кардынал Пітэр Тарксан.
Арцыбіскуп Сільвана Тамазі, папскі дэлегат па справах ядзернага раззбраення, патлумачыў італьянскай La Repubblica, што «падрыхтоўка да гэтай ініцыятывы пачалася далёка да паведамлення аб ёй у загалоўках газет, бо зразумела, што сёння мы сутыкнуліся з рэальнай пагрозай ужывання атамнай бомбы выпадкова, з прычыны прыняцця свядомага рашэння або таму, што асобы, якія сядзяць у камандным пункце, псіхічна неўраўнаважаныя».
Ватыканскі іерарх указаў на неабходнасць таго, каб «бяспека гарантавалася не зброяй масавага знішчэння, але тым фактам, што ніхто не зможа яе выкарыстаць».