Толькі ўкрыжаваны Хрыстус ратуе нас ад дэманаў, якія прымушаюць паволі саслізгваць у людское мысленне, толькі Ён ратуе ад «спакусаў», пра якія ўзгадвае святы Павел у Пасланні да Галатаў.
Папа Францішак падкрэсліў гэтую думку ў сваёй гаміліі падчас святой Імшы ў капліцы дома Святой Марты 13 кастрычніка, разважаючы над словамі Езуса з Евангелля паводле Лукі: «Калі Я пальцам Божым выганяю злых духаў, то прыйшло да вас Божае Валадарства».
Святы Айцец адзначыў, што Пан заклікае быць дбайнымі, каб не паддацца спакусе. Вось чаму хрысціянін заўсёды напагатове. Евангелле расказвае пра барацьбу Езуса з дэманам, у той час як некаторыя з народа казалі: «Ён выганяе дэманаў сілаю Бэльзэбула, князя дэманаў». Езус у адказ не распавядае прыпавесць, але кажа ісціну: «Калі нячысты дух выйдзе з чалавека, то ходзіць па бязводных мясцінах, каб знайсці адпачынак, і, не знаходзячы, кажа: Вярнуся да свайго дому, адкуль выйшаў. І, прыйшоўшы, знаходзіць яго вымеценым і прыбраным. Тады ідзе і бярэ з сабою яшчэ сем духаў, больш злых за яго, і, увайшоўшы, жывуць там. І апошні стан гэтага чалавека становіцца горшым за папярэдні».
Дэманы, як падкрэсліў Папа, могуць стаць часткаю жыцця чалавека. Сваімі ідэямі і натхненнямі яны «дапамагаюць чалавеку жыць лепш», уваходзяць у яго сэрца і знутры пачынаюць змяняць чалавека, пры гэтым чыняць гэта ціха і незаўважна.Сатана змяняе нашыя крытэрыі. Гэты дух маскіруецца ў нашым спосабе дзеянняў, і мы самі яго не заўважаем. Гэта і ёсць тое, чаго жадае для нас злы дух: людскай марнасці.
Сатана — гэта айцец спакусы, ён уваходзіць «мягка, выхавана, авалодваючы нашымі ўчынкамі», так, што нашыя каштоўнасці становяцца на службу людскому. Папа Францішак патлумачыў, што рабіць, каб не паддацца спакусе: трэба быць пільным, не баяцца і захоўваць спакой.
Быць пільнымі азначае выпрабоўваць сваё сэрца, сваё жыццё, задаваць сабе пытанні пра тое, ці жывём мы па-хрысціянску. Каб зрабіць рахунак сумлення, трэба глядзець на ўкрыжаванага Хрыста, падкрэсліў Папа. Людскі дух, як дадаў Пантыфік, выяўляецца толькі тады, калі мы глядзім на крыж Пана, які ратуе ад чараў злога духа, ад спакусаў.