Пошук

16.10.2017 09:47   be.radiovaticana.va

У дворыку рымскай базылікі св. Клімента на Латэране будзе ўсталявана бронзавая мемарыльяная шыльда са словамі ўдзячнасці святым Кірылу і Мятоду ад беларускага народа.

Яна тут з’явіцца невыпадкова, таму што менавіта ў гэтай старажытнай святыні знаходзіцца магіла аднаго з Апосталаў славян – св. Кірыла.

14 кастрычніка 2017 г. шыльда была ўручана прыёру базылікі, айцу Томасу МакКарці. Галоўным ініцыятарам гэтай урачыстай падзеі выступіў Пётр Краўчанка, міністр замежных спраў Рэспублікі Беларусі ў 1990-1994 гг. і ганаровы старшыня міжнароднага фонда «Спадчына Міхала Клеафаса Агінскага».

«Сёння для мяне абсалютна шчаслівы дзень, таму што ад імя Беларусі, ад імя вернікаў, як праваслаўных, так і каталіцкіх, мы будзем адкрываць гэтую шыльду і дзякаваць святым раўнаапостальным братам Кірылу і Мятоду, якія далі нам пісьменнасць і магчымасць размаўляць з усімі цывілізаванымі народамі свету, у тым ліку з братнімі славянскімі народамі. Па сутнасці можна сказаць, што Беларусь выканала сваю цывілізацыйную місію ў гэтым сэнсе», — сказаў былы кіраўнік беларускай дыпламатыі.

З’яўленне мемарыяльнай шыльды ў базыліцы св. Клімента прыцягне ўвагу беларускіх пілігрымаў да гэтага месца, перакананы пасол Рэспублікі Беларусь у Італіі Аляксандр Гур’янаў.

«З боку беларускай грамадскасці, шэрагу арганізацый, выношвалася ідэя аб тым, каб пакінуць часцінку Беларусі побач з табліцамі, якія ўжо размясцілі многія краіны, бо тут прадстаўлены практычна ўсе славянскія народы. Мы рады, што частка Беларусі будзе знаходзіцца у гэтым месцы. Гэты праект ажыццявіўся як раз у год, калі мы ўспамінаем Францішка Скарыну, які развіў беларускую мову, ужо па слядах святых Кірыла і Мятода. Я шчаслівы, што ўсё атрымалася. Спадзяюся, што гэта месца стане новым месцам пілігрымавання беларусаў у Італію», — падкрэсліў пасол.

Мемарыяльная табліца была выканана яшчэ ў 1998 г. беларускім скульптарам Валяр’янам Янушкевічам. Зробленыя ім памятныя шыльды ёсць не толькі на будынках у Беларусі, але таксама у Празе і Кракаве — гарадах, звязаных з жыццём і дзейнасцю Францішка Скарыны. Цяпер з’явіцца яшчэ адна — ў Рыме, у гонар дзеячаў, якія таксама паспрыялі распасюджванню Божага Слова ў Беларусі.

Перад цырымоніяй перадачы шыльды прыёру базылікі св. Клімента ўдзельнікі падзеі спусціліся ў яе ніжнюю частку, дзе знаходзіцца магіла св. Кірыла, і адкрылі каля яе невялічкую часовую табліцу на беларускай і італьянскай мовах са словамі ўдзячнасці Богу за апостальскую дзейнасць святых Кірыла і Мятода і за іх уплыў на беларускую мову і культуру.

Свае прывітанні ўдзельнікам цырымоніі скіравалі Мітрапаліт Мінскі і Заслаўскі Павел, Патрыяршы экзарх усяе Беларусі, і арцыбіскуп Тадэвуш Кандрусевіч, Мітрапаліт Мінска-Магілёўскі. «Шыльда дасць магчымасць наведвальнікам велічнай базылікі св. Клімента як быццам дакрануцца да Беларусі і яе хрысціянскіх каранёў», — напісаў старшыня беларускага епіскапату.

Абноўлена 16.10.2017 09:51
Пры выкарыстанні матэрыялаў Catholic.by спасылка абавязковая. Калі ласка, азнаёмцеся з умовамі выкарыстання

Дарагія чытачы! Catholic.by — некамерцыйны праект, існуе за кошт ахвяраванняў і дабрачыннай дапамогі. Мы просім падтрымаць нашу дзейнасць. Ці будзе наш партал існаваць далей, у значнай ступені залежыць ад вас. Шчыра дзякуем за ахвярнасць, молімся за ўсіх, хто нас падтрымлівае.

. . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . .
Папа Францішак

Спагадлівасць - гэта праява Божай
Міласэрнасці, адзін з сямі дароў Святога Духа