Пошук

27.09.2017 09:33   be.radiovaticana.va / Catholic.by

Адбываецца працоўны візіт старшыні Аддзела знешніх царкоўных сувязяў Маскоўскага Патрыярхату ў Ватыкан. 26 верасня яго прыняў на аўдыенцыі папа Францішак.

Напярэдадні, 25 верасня, адбылася сустрэча Мітрапаліта Валакаламскага Іларыёна з Бэнэдыктам XVI. Праваслаўны іерарх павіншаваў Папу на пенсіі з 90-годдзем і перадаў яму сардэчнае прывітанне і добрыя пажаданні ад Патрыярха Маскоўскага і ўсяе Русі Кірыла.

На сайце Маскоўскага Патрыярхату гаворыцца, што падчас гутаркі Мітрапаліт Іларыён распавёў Бэнэдыкту XVI аб сустрэчы паміж Патрыярхам Кірылам і папам Францішкам, якая адбылася 12 лютага 2016 г. у Гаване, а таксама аб розных аспектах супрацоўніцтва паміж Рускай Праваслаўнай Царквой і Каталіцкім Касцёлам.

Адказваючы на пытанне Папы на пенсіі аб тым, як адбываецца адраджэнне веры сярод паствы Рускай Праваслаўнай Царквы, Мітрапаліт расказаў пра будаўніцтва новых храмаў і адкрыцці манастыроў, аб стварэнні тэалагічных факультэтаў у свецкіх універсітэтах, аб выдавецкай і асветніцкай дзейнасці Царквы.

Іерарх уручыў Бэнэдыкту XVI рускае выданне яго кнігі «Багаслоўе літургіі», падрыхтаванае выдавецтвам Маскоўскага Патрыярхату. Ён падзякаваў старшыні Аддзела знешніх царкоўных сувязяў за гэты падарунак і выказаў пажаданне, каб яго кніга, перакладзеная на рускую мову, была карыснай для вернікаў Праваслаўнай Царквы для лепшага разумення імі літургіі.

У якасці падарунка да дня нараджэння Мітрапаліт Іларыён уручыў Пантыфіку на пенсіі шэсць тамоў сваёй кнігі «Езус Хрыстус. Жыццё і вучэнне».

Абноўлена 27.09.2017 13:44
Пры выкарыстанні матэрыялаў Catholic.by спасылка абавязковая. Калі ласка, азнаёмцеся з умовамі выкарыстання

Дарагія чытачы! Catholic.by — некамерцыйны праект, існуе за кошт ахвяраванняў і дабрачыннай дапамогі. Мы просім падтрымаць нашу дзейнасць. Ці будзе наш партал існаваць далей, у значнай ступені залежыць ад вас. Шчыра дзякуем за ахвярнасць, молімся за ўсіх, хто нас падтрымлівае.

. . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . .
Папа Францішак

Бог заўсёды чакае нас.
Ён ніколі не губляе надзеі і заўсёды прабывае побач.