Пошук

25.09.2017 09:11   Мікола Гракаў / Catholic.by

«Бог жадае ўсім даць аднолькавую ўзнагароду — збаўленне, вечнае жыццё», — адзначыў папа Францішак падчас малітвы «Анёл Панскі» на плошчы Святога Пятра 24 верасня.

Разважаючы над евангельскім тэкстам гэтай нядзелі (гл. Мц 20, 1–16) пра «гаспадара вінаградніку, які прадстаўляе Бога», і наймае групу работнікаў, на світанні і ў наступныя гадзіны дня, Пантыфік звярнуў увагу на тое, як гаспадар узнагародзіў кожнага з іх.

«Напрыканцы дня гаспадар распараджаецца, каб усім далі па дынары: нават тым, якія працавалі ўсяго некалькі гадзін, — сказаў Папа. — Вядома, работнікі, нанятыя першымі, наракаюць, таму што бачаць, што ім заплацілі столькі ж, як і тым, якія працавалі менш за іх. Аднак гаспадар нагадвае ім, што яны атрымалі тое, на што дамаўляліся; калі ж ён жадае быць шчодрым да іншых, ім не варта зайздросціць».

«Насамрэч, гэтая “несправядлівасць” гаспадара павінна выклікаць у слухачоў прыпавесці пераход на іншы ўзровень, таму што Езус хоча казаць не пра праблему працы і справядлівай платы, а пра Божае Валадарства! Яго пасланне такое: у Божым Валадарстве няма беспрацоўных, але ўсе пакліканыя рабіць сваю частку працы; і ўсіх напрыканцы чакае ўзнагарода, якая — на нашае шчасце! — паходзіць з Божай, а не з чалавечай справядлівасці, а менавіта: збаўленне, якое Езус Хрыстус набыў для нас сваёю смерцю і ўваскрасеннем», — патлумачыў Пантыфік.

Гэтай прыпавесцю, як дадаў Святы Айцец, «Езус жадае адкрыць нашыя сэрцы для логікі любові Айца: бескарыслівай і шчодрай». «Чалавечым думкам часта ўласцівы эгаізм і імкненне да асабістай выгоды, а нашыя вузкія і пакручастыя сцежкі нельга параўнаць з шырокімі і простымі шляхамі Пана. Ён дзейнічае з міласэрнасцю — пра гэта нельга забывацца», — нагадаў папа Францішак.

«Езус жадае, каб мы сузіралі позірк гэтага гаспадара, — працягваў Пантыфік. — Гэта позірк, поўны ўважлівасці, добразычлівасці; гэта позірк, які кліча, які заклікае падняцца, вырушыць у дарогу, таму што ён жадае жыцця для кожнага з нас, жадае поўнага жыцця, занятага, вольнага ад пусткі і бяздзейнасці. Бог нікога не выключае і жадае, каб кожны дасягнуў сваёй паўнаты. Гэта любоў нашага Бога; нашага Бога, які з’яўляецца Айцом. Няхай Найсвяцейшая Панна Марыя дапаможа нам прыняць у нашым жыцці логіку любові, якая вызваляе нас ад саманадзейнасці, што мы заслугоўваем узнагароды ад Бога, і ад дрэннага меркавання пра іншых».

Абноўлена 25.09.2017 09:12
Пры выкарыстанні матэрыялаў Catholic.by спасылка абавязковая. Калі ласка, азнаёмцеся з умовамі выкарыстання

Дарагія чытачы! Catholic.by — некамерцыйны праект, існуе за кошт ахвяраванняў і дабрачыннай дапамогі. Мы просім падтрымаць нашу дзейнасць. Ці будзе наш партал існаваць далей, у значнай ступені залежыць ад вас. Шчыра дзякуем за ахвярнасць, молімся за ўсіх, хто нас падтрымлівае.

. . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . .
Папа Францішак

Спагадлівасць - гэта праява Божай
Міласэрнасці, адзін з сямі дароў Святога Духа