Папа Францішак — першы ў гісторыі Папа, які ў экранізаванай гісторыі выканаў ролю самога сябе. У фільме пад назвай Beyond the Sun («За межамі сонца») апавядаецца гісторыя пецярых дзяцей, якія рыхтуюцца да Першай святой Камуніі і хочуць даведацца, як можна пазнаць Езуса. Пасля розных прыгод яны трапляюць у Ватыкан, дзе ім тлумачыць гэта папа Францішак, кажучы: «Пазнаеце Яго, чытаючы Евангелле, вывучаючы катэхізіс і размаўляючы з Ім».
Евангелле, кажа Папа, «можна заўсёды насіць з сабой, гэта невялікая кніга; калі ёсць свабодная хвіліна, можна адкрыць яго і чытаць». «Размова з Езусам — гэта малітва, — дадае Пантыфік. — Можна весці з Ім свабодны дыялог, кажучы пра тое, што адчуваеш унутры. Ён чакае гэтага. Трэба адкрыцца на гэта». Сюжэт з папам Францішкам у экранізаванай гісторыі займае 6 хвілін.
Прэзентацыя фільма прайшла вечарам 20 верасня ў Ватыкане. Таксама ён будзе паказаны падчас рымскага фестывалю Festa del Cinema, які пройдзе ў кастрычніку. У кінатэатры фільм трапіць на Божае Нараджэнне.
Прыбытак ад пракату будзе прызначаны на дзейнасць дзвюх дабрачынных аргенцінскіх арганізацый El Almendro i Los Hogares de Cristo, якія дапамагаюць дзецям і моладзі ў складаных жыццёвых сітуацыях.