«Чалавечая істота, створаная паводле Божага вобразу, заўжды большая за зло, якое чыніць», — адзначыў папа Францішак падчас малітвы «Анёл Панскі» на плошчы Святога Пятра 17 верасня.
«Евангельскі тэкст у гэтую нядзелю (пар. Мц 18, 21–35) прапануе нам павучэнне пра прабачэнне, у якім не адмаўляецца віна, але прызнаецца, што чалавечая істота, створаная паводле Божага вобразу, заўжды большая за зло, якое чыніць», — сказаў Пантыфік.
«Пятру здаецца, што максімальна можна дараваць сем разоў таму самаму чалавеку; магчыма, нам здаецца, што ўжо і двойчы будзе шмат. Але Езус адказвае: «Не кажу табе, што аж сем разоў, але ажно семдзесят сем разоў», што азначае — заўсёды... Ён пацвярджае гэта, апавядаючы прыпавесць пра міласэрнага караля і неміласэрнага слугу, у якой паказвае непаслядоўнасць таго, хто спачатку атрымаў дараванне, а потым не жадае дараваць», — працягваў Святы Айцец.
Як падкрэсліў Пантыфік, людзі паводзяць сябе таксама, як і гэты слуга, калі не жадаюць прабачаць іншым. «А кароль з прыпавесці — гэта вобраз Бога, які любіць нас любоўю, такою багатаю на міласэрнасць, гатовую прымаць нас, любіць нас і прабачаць нам бясконца. З самага нашага хросту Бог прабачыў нам, дараваўшы неаплатны доўг: першародны грэх. Але гэта быў толькі першы раз. Потым, у сваёй бязмежнай міласэрнасці, Ён прабачае нам усе правіны адразу ж, як толькі мы пакажам хоць бы найменшы знак жалю, — нагадаў папа Францішак. — Калі ў нас ёсць спакуса закрыць сваё сэрца перад тым, хто нас пакрыўдзіў і просіць у нас прабачэння, узгадаем словы нябеснага Айца, скіраваныя да неміласэрнага слугі: “Нягодны слуга! Увесь твой доўг я дараваў табе, таму што ты папрасіў мяне; ці ж не належала і табе змілавацца над сабратам тваім, як і я змілаваўся над табою?”».
Пантыфік нагадаў, што адкрыцца для магчымасці прабачыць можа той, хто «адчуў радасць, супакой і ўнутранае вызваленне ад атрыманага прабачэння».
Такое ж настаўленне, як падкрэсліў папа Францішак, Езус пажадаў пакінуць у малітве «Ойча наш...»: «Ён непасрэдна звязаў прабачэнне, якое мы просім у Бога, з прабачэннем, якое павінны даваць нашым братам: “Адпусці нам правіны нашы, як і мы адпускаем вінаватым нашым”».