Працы па рэформе Рымскай курыі прасунуліся дастаткова далёка, але канчатковая стадыя працэсу яшчэ наперадзе, сказаў у інтэрв’ю каталіцкай газеце Avvenire сакратар Рады кардыналаў па дапамозе Святому Айцу ў кіраванні Касцёлам біскуп Марчэла Сэмерара.
Шэраг пасяджэнняў групы, якая непасрэдна займаецца распрацоўкай змен, запланаваны да снежня 2018 г. Як паведаміў кардынал Самерара, засталося дзве-тры дыкастэрыі, адносна якіх іерархі яшчэ не прадставілі свае прапановы Святому Айцу. У некаторых выпадках ужо распрацаваныя прапановы патрабуюць перагляду, у іншых жа прынятыя змены яшчэ правяраюцца на практыцы. Канчатковыя рашэнні будзе прымаць асабіста Пантыфік.
Папа Францішак, у сваю чаргу, вырашыў не чакаць завяршэння працы па рэформе і рэалізаваць ужо зараз рашэнні па стварэнні новых інстытутаў, у якіх, на яго думку, існавала найбольш вострая неабходнасць.
Сакратар Рады кардыналаў адзначыў, што гэты орган працуе ў адпаведнасці з такімі крытэрыямі, як лаяльнасць да гісторыі, захаванне правапераемнасці і інавацыйнасць, каб рэагаваць на патрабаванні часу і вызначыць, што сапраўды неабходна для Паўсюднага Касцёла.
Біскуп Сэмерара падкрэсліў, што на сёння вядуцца дыскусіі пра ватыканскі Дзяржаўны сакратарыят. Магчымы некаторыя змены для яго больш эфектыўнага служэння, тым больш, што Рымская курыя ўжо не можа працаваць па старых узорах. Акрамя таго, шмат месца ў працы групы займае пытанне дыпламатычнай службы супрацоўнікаў Святога Пасаду.
Біскуп адзначыў, што Рада кардыналаў будзе існаваць нават пасля распрацоўкі новай Апостальскай канстытуцыі па Рымскай курыі, паколькі яе задачай з’яўляецца дапамога Святому Айцу ў кіраванні Паўсюдным Касцёлам.
У склад устаноўленай папам Францішкам 13 красавіка 2013 г. Рады ўваходзяць кардыналы: Радрыгес Марадз’яга з Гандураса, Джузэпэ Бэртэла з Італіі, Франсіска Хаўер Эрасурыс Оса з Чылі, Освальд Грасіяс з Індыі, Рэйнхард Маркс з Германіі, Ларан Мансэнгва Пасінья з Дэмакратычнай Рэспублікі Конга, Шон О’Мэлі з ЗША, Джордж Пэл з Аўстраліі і П’етро Паралін з Італіі. Сакратаром Рады, які не ўваходзіць у яе склад, з’яўляецца біскуп Марчэла Сэмерара з Італіі.