«Я быў уражаны свабодай гэтага чалавека, яго сумленнасцю, адвагай, рашучасцю, але таксама бясспрэчнай самотнасцю», — так пра папу Францішка кажа французскі сацыёлаг Дамінік Волтан, сааўтар кнігі «Палітыка і грамадства», у якую ўвайшлі размовы са Святым Айцом.
Паводле некаторых СМІ, 6 верасня кніга выйдзе ў продаж.
Волтан, эксперт сацыялогіі камунікацыі, прызнаецца, што папам Францішкам зацікавіўся менавіта з пункту гледжання яго камунікацыі са светам. Дамінік Волтан у размове з Ватыканскім радыё паспрабаваў накрэсліць вобраз Пантыфіка, зыходзячы з сустрэч і размоў у Ватыкане.
«Папа Францішак працуе не ў тых часовых рамках, што мы. Мы адносімся да мінулых 30 гадоў, максімум — паўстагоддзя, а сёння свет яшчэ больш прыспешвае. А вось Папа глядзіць з перспектывы трох тысяч гадоў, што можа выклікаць пэўныя непаразуменні. Па-другое, ён нястомна спасылаецца на Евангелле, а менавіта на тое, што трэба павярнуцца да бедных і адкінутых, бо гэта аснова навучання Касцёла. Па-трэцяе, папа Францішак — гэта Папа-палітык, які займае палітычную пазіцыю, хаця б у пытаннях міграцыі. Апошнім разам ён выказаўся на гэтую тэму вельмі выразна, з прычыны чаго сустрэў шмат варожасці. Па-чацвёртае, гэты Папа блізкі да людзей [...], што вынікае з яго лацінаамерыканскага паходжання. Ён адрадзіў само паняцце народа. З пэўным недаверам падыходзіць да рыгарызму, цэніць эластычнасць інтэлектуальную і ідэалагічную, што, аднак, не азначае анархіі. Ён адкрыты на рэальны свет. Рашучасць і катэгарычнасць яднаюцца ў ім з дабрынёю», — сцвярджае Дамінік Волтан.