Сітуацыя ва Украіне і на Блізкім Усходзе была галоўнай тэмай сустрэчы Дзяржсакратара Папы кардынала П'етро Параліна і Патрыярха Маскоўскага і ўсяе Русі Кірыла. Яна прайшла 22 жніўня ў Данілавым манастыры ў Маскве, сядзібе Маскоўскага Патрыярхату.
Бакі адзначылі станоўчае развіццё адносін паміж Цэрквамі, чаму пасадзейнічала мінулагодняя сустрэча Папы і Патрыярха на Кубе. Адным з яе плёнаў стала магчымасць выстаўлення ў Маскве і Санкт-Пецярбургу часткі рэліквій св. Мікалая, якія традыцыйна захоўваюцца ў італьянскім Бары.
«Экуменізм святасці сапраўды існуе. Святыя нас аб’ядноўваюць, бо яны бліжэй за ўсіх да Бога і такім чынам з’яўляюцца тымі, хто найбольш нам дапамагае пераадольваць цяжкасці адносін мінулага, выкліканыя сітуацыямі, якія мелі месца раней, і хутчэй крочыць да братэрскіх абдымкаў і эўхарыстычнай еднасці», — сказаў кардынал Паралін.
Адной з галоўных тэмаў сустрэчы была сітуацыя ва Украіне. Падкрэслівалася, што Царква тут паклікана спрыяць міру. «Царква не можа адыгрываць ніякай ролі, акрамя міратворчай, калі людзі знаходзяцца ў канфлікце паміж сабой. Канфлікты не працягваюцца вечна, яны калі-небудзь завяршаюцца. Калі ўсе грамадскія сілы ўцягнуты ў канфлікт, хто ж будзе збіраць камяні?» — адзначыў падчас сустрэчы Патрыярх Кірыл.
Гаворачы пра сітуацыю на Блізкім Усходзе, суразмоўцы звярталі ўвагу на важнасць супрацоўніцтва паміж Цэрквамі ў гуманітарнай сферы. «Узаемадзеянне Праваслаўнай Царквы і Каталіцкага Касцёла ў ажыццяўленні дапамогі пакутуючым у канфлікце на Блізкім Усходзе было б вельмі важным аб’ядноўваючым фактарам», — падкрэсліў Патрыярх Маскоўскі.
23 жніўня кардынал Паралін сустракаецца ў Сочы з Прэзідэнтам Расіі Уладзімірам Пуціным.