«Нашыя сэрцы поўняцца болем з-за тэрарыстычных актаў, якія ў гэтыя дні сталі прычынаю мноства ахвяраў у Буркіна-Фасо, у Іспаніі і ў Фінляндыі», — сказаў Пантыфік 20 жніўня падчас малітвы «Анёл Панскі» на плошчы Святога Пятра.
«Памолімся за ўсіх загінулых, за параненых і іх родных; узнясём мальбу да Пана, Бога міласэрнасці і міру, каб Ён вызваліў свет ад гэтага нялюдскага насілля. Памолімся разам у цішыні, а потым да Маці Божай», — маліўся Святы Айцец.
Таксама папа Францішак скіраваў на імя партугальскага біскупа Антоніу Карылью тэлеграму са спачуваннямі з прычыны трагедыі, якая адбылася ў партугальскім горадзе Фуншал, на выспе Мадэйра. Як паведамляе Радио Ватикана, 15 жніўня, ва ўрачыстасць Унебаўзяцця Найсвяцейшай Панны Марыі, 200-гадовае дрэва ўпала на людзей, якія рыхтаваліся прыняць удзел у працэсіі. Загінулі 13 чалавек, каля 50 атрымалі раненні.