Пантыфік моліцца за ахвяраў тэрарыстычнага акту ў Барселоне. Прэс-сакратар Апостальскай Сталіцы Грэг Бёрк паведаміў, што «Святы Айцец з вялікім непакоем успрыняў вестку пра тое, што адбываецца ў Барселоне» і запэўнівае «ў сваёй блізкасці ўвесь іспанскі народ, а асабліва параненых і сем’і ахвяр».
17 жніўня пасля апоўдня фургон уехаў у натоўп людзей, сабраных на адной з галоўных вуліц Барселоны. 12 чалавек загінулі на месцы, 13 ахвяраў памерлі пазней. Каля 80 чалавек паранена, 15 з іх знаходзяцца ў цяжкім стане.
Затрыманы дзве асобы, якія падазраюцца ў здзейсненым замаху. Адным з іх з’яўляецца вадзіцель транспартнага сродку жыхар сталіцы Каталоніі Дрыс Укабір Сапрана.
Праз некалькі гадзін пасля замаху тэрарыстычная групоўка «Ісламская дзяржава» паведаміла пра сваю адказнасць за тэракт.