«Вера дае нам упэўненасць у Прысутнасці, у прысутнасці Езуса, што дапамагае пераадольваць жыццёвыя буры», — адзначыў папа Францішак падчас малітвы «Анёл Панскі» на плошчы Святога Пятра 13 жніўня.
Святы Айцец, разважаючы над евангельскім тэкстам 19 Звычайнай нядзелі (Мц 14, 22–33) пра вучняў Езуса, якія знаходзіліся ў чоўне на Галілейскім возеры і не маглі плысці далей з-за супраціўнага ветру, указаў на багатую сімволіку гэтага апавядання.
«Гэтае евангельскае апавяданне мае багатую сімволіку і прымушае нас задумацца над нашай верай: як кожнага паасобку, так і ўсёй касцёльнай супольнасці; таксама над вераю ўсіх нас, якія знаходзімся сёння тут, на гэтай плошчы. Ці супольнасць, гэтая касцёльная супольнасць, мае веру? Якая яна, вера ў кожным з нас і вера нашай супольнасці? Човен — гэта жыццё кожнага з нас, а таксама жыццё Касцёла; супраціўны вецер сімвалізуе цяжкасці і выпрабаванні», — падкрэсліў папа Францішак.
«Сённяшняе Евангелле нагадвае нам, што вера ў Пана і ў Ягонае слова не адкрывае перад намі шляху, на якім усё лёгка і спакойна, — працягваў Пантыфік. — Вера дае нам упэўненасць у Прысутнасці, у прысутнасці Езуса, што дапамагае пераадольваць жыццёвыя буры, надзейную ўпэўненасць у руцэ, якая хапае нас, каб дапамагчы нам справіцца з цяжкасцямі, паказвае нам шлях нават у цемры. Наогул, вера — гэта не схованка ад праблемаў жыцця, але яна падтрымлівае на шляху і надае яму сэнс».
Гэтае апавяданне, як дадаў папа Францішак, — «выдатны вобраз рэчаіснасці Касцёла ва ўсе часы: човен, які падчас плавання таксама павінен сутыкнуцца з супраціўнымі вятрамі і навальніцамі, якія пагражаюць перавярнуць яго».
«Аднак яго ратуе не мужнасць і не якасці тых, хто плыве на ім: гарантыя ад караблекрушэння — гэта вера ў Хрыста і ў Ягонае слова. Гэта і ёсць гарантыя: вера ў Хрыста і ў Ягонае слова. На гэтым чоўне мы ўсе ў бяспецы, нягледзячы на нашую мізэрнасць і слабасць», — падкрэсліў Пантыфік і пажадаў «заставацца ў чоўне Касцёла, адкінуўшы спакусу перасесці на прывабныя, але ненадзейныя чаўны ідэалогіі, моды і лозунгаў».