Вынікам рэформы ватыканскіх фінансаў з’яўляецца ў тым ліку і змена адносін да грошай з боку кіраўнікоў і супрацоўнікаў дыкастэрый Святога Пасаду.
Гэта заўважыў у інтэрв’ю газеце італьянскага епіскапату Avvenire кс. Луіджы Місто, каардынатар Сакратарыяту па эканамічных справах, якога Папа прызначыў ў сувязі з часовай непрысутнасцю прэфекта ўстановы, аўстралійскага кардынала Джорджа Пэла.
«Эканамічна-фінансавая рэформа, якую ініцыяваў і пастаянна падтрымлівае папа Францішак, у кантэксце больш шырокай рэформы Рымскай курыі, што праводзіцца пад кіраўніцтвам Дзяржаўнага Сакратарыяту, ужо дала першыя значныя вынікі», — лічыць італьянскі святар.
У якасці першага плёну ён назваў змены ў падыходзе дыкастэрый да бюджэту, «які павінен быць неабходным інструментам для палягчэння планавання іх дзейнасці і вызначэння іх рашэнняў, памятаючы, што асноўныя мэты маюць духоўную і душпастырскую прыроду і павінны служыць Паўсюднаму Касцёлу».
На думку іерарха, у Ватыкане наступіла важная змена мыслення, што ў першую чаргу «вядзе да павагі, захавання і забеспячэння належнага выкарыстання матэрыяльных рэсурсаў, у першую чаргу грошай, якія Касцёл атрымлівае ў якасці дару, для таго, каб быць у стане выконваць сваю душпастырскую місію, прапаведуючы Евангелле, рэалізуючы духоўнае, культурнае і сакрамэнтальнае жыццё, спрыяючы гуманізму, робячы акцэнт на бедных і патрабуючых».
Трэба нагадаць, што Cакратарыят па эканамічных пытаннях быў заснаваны ў 2014 г. motu proprio папы Францішка пад назвай Fidelis et Dispensator Prudens. Яго функцыя — кансалідаваць ватыканскія фінансавыя структуры і спрасціць кіраванне імі.