У межах барацьбы з экстрэмізмам важна пераказваць моладзі і пазітыўную інфармацыю аб сітуацыі ў свеце, а не толькі навіны з адмоўнай афарбоўкай, лічыць сакратар Апостальскай Сталіцы па адносінах з дзяржавамі.
Пра гэта арцыбіскуп Пол Рычард Галахер расказаў у інтэрв’ю іспанскаму выданню La Vanguardia.
На яго думку, як іслам, так і хрысціянства, павінны супольна супрацьстаяць спробам маніпулявання рэлігіяй, мэта якіх у радыкалізацыі вернікаў.
Гаворачы пра тэрарыстычы напад, які здарыўся 22 сакавіка ў Лондане, дыпламат заўважыў, што «людзі патрабуюць мужнасці, каб вярнуцца да нармальнага жыцця і паказаць, што тэрарызм не дзейнічае, і ў канчатковым рахунку сам знішчае сябе».
Адказваючы на пытанне пра пашырэнне папулістычных рухаў у Еўропе, іерарх адзначыў, што многія людзі насамрэч шукаюць новыя шляхі вырашэння праблем. Аднак дэмакратычныя краіны павінны імкнуцца да дасягнення «больш глыбокай формы палітыкі, з большым інтэлектуальным падмуркам». Патрыятызм не супярэчыць клопату пра супольнае дабро ўсіх народаў, дадаў іерарх.
Каментуючы жаданне Вялікабрытаніі выйсці з Еўрапейскага Саюза, арцыбіскуп Пол Рычард Галахер выказаў спадзяванне, што будзе знойдзена такое вырашэнне сітуацыі, якое задаволіць усе бакі.
Беларуская рэдакцыя Ватыканскага радыё