У 2018 годзе Святы Пасад упершыню будзе ўдзельнічаць у біенале архітэктуры ў Венецыі. Менавіта з гэтым звязана адмова ватыканскага боку ад удзелу ў 57-й Міжнароднай выстаўцы сучаснага мастацтва, якая пройдзе ў 2017 годзе.
Экспазіцыя на XV Венецыянскай архітэктурнай біенале
Пра гэта ў інтэрв’ю нямецкаму каталіцкаму агенцтву KNA паведаміў старшыня Папскай рады па культуры кардынал Джанфранка Равазі.
«Мы рыхтуем прэм’еру Святога Пасаду на архітэктурнай біенале і на гэтым хочам засяродзіцца», — адзначыў італьянскі кардынал.
Адна з найбольш важных міжнародных выставак — XVI Венецыянская архітэктурная біенале — будзе праходзіць з 26 мая па 25 лістапада 2018 года. Па словах іерарха, форма ватыканскай экспазіцыі будзе залежаць ад выставачнай пляцоўкі, якую прапануюць арганізатары.
Святы Пасад ужо двойчы ўдзельнічаў у Міжнароднай выстаўцы сучаснага мастацтва, арганізаванай у Венецыі. У 2013 годзе яго павільён прадставіў гісторыю стварэння свету, а ў 2015 годзе — праект пад назвай «У пачатку Слова стала целам».
Кардынал не ўдакладніў, што будзе лейтматывам дэбютнага ватыканскага ўдзелу ў архітэктурнай выстаўцы праз год.
Паводле sib-catholic.ru
(VGr)