![]()
Біскупы краін Еўрапейскага саюза заклікалі еўрапейскія інстытуты і дзяржавы забяспечыць, каб штучны інтэлект служыў чалавечай асобе, агульнаму дабру і міру. Адпаведную дэкларацыю яны прынялі 16 кастрычніка ў Бруселі на завяршэнне восеньскай пленарнай асамблеі Рады Біскупскіх Канферэнцый Еўрапейскай Супольнасці COMECE.
Дакумент аб адказнасці Еўропы ў эпоху ШІ пад назвай «Europe’s responsibility in the time of Artificial Intelligence: A call to safeguard the Human Person» існуе ў шасці заходнееўрапейскіх мовах (англійскай, іспанскай, французскай, нямецкай, італьянскай і славацкай) і робіць акцэнт не толькі на плюсах выкарыстоўвання ШІ, але і на сур’ёзных праблемах, якія ён выклікае ў антрапалагічных, этычных, сацыяльных і прававых сферах.
Біскупы заклікаюць Еўрапейскі саюз не толькі развіваць магчымасці ШІ і кіраваць яго развіццём, але і несці супольную адказнасць за наступствы выкарыстоўвання гэтай тэхналогіі. Таму у прынятай дэкларацыі сфармуляваны восем прынцыпаў, якія біскупы прызываюць укараняць у Еўрапейскім саюзе і прасоўваць на міжнародным узроўні. Сярод іх:
- прыярытэт чалавечай годнасці і здольнасці чалавека дзейнічаць самастойна;
- служэнне агульнаму дабру;
- салідарнасць;
- субсідыярнасць;
- клопат пра стварэнне;
- справядлівасць.
Біскупы таксама падкрэслілі неабходнасць празрыстастага і адказнанага выкарыстання штучнага інтэлекту, недапушчальнасць дыскрымінацыі чалавека і маніпулявання ім, а таксама абарону дэмакратыі і вяршэнства права. Паводле дэкларацыі, штучны інтэлект не павінен прыніжаць або нівеліраваць унікальнасць чалавечай асобы або зводзіць чалавека да даных ці тавару.
«Штучны інтэлект павінен заставацца сродкам на службе чалавечай асобы, агульнага дабра і міру, а яго будучыня павінна вызначацца не толькі тым, што здольныя рабіць тэхналогіі, але і тым, чаго патрабуюць чалавечая годнасць, адказнасць, салідарнасць і братэрства»,
— адзначылі біскупы.

Напярэдадні прыняцця дэкларацыі, 14 кастрычніка, у Бруселі адбылася публічная прэзентацыя першай энцыклікі папы Льва XIV Magnifica humanitas. Сустрэча была арганізавана COMECE ў межах восеньскай пленарнай асамблеі і сабрала прадстаўнікоў Апостальскай Сталіцы і еўрапейскіх інстытутаў, палітыкаў, экспертаў у галіне штучнага інтэлекту і журналістаў. З асноўным дакладам на мерапрыемстве выступіў арцыбіскуп Пол Тай, сакратар Дыкастэрыі па культуры і адукацыі. Ён разважаў пра ўплыў штучнага інтэлекту на Касцёл, культуру і чалавечую годнасць.
Прэзентацыя энцыклікі стала часткай дыскусіі пра тое, як Еўропа можа развіваць свае тэхналагічныя магчымасці, адначасова гарантуючы захаванне асноўных правоў чалавека і служэнне тэхналогій грамадству.
Энцыкліка Magnifica humanitas, апублікаваная ў маі 2026 года, прысвечана выклікам, якія штучны інтэлект стварае для чалавечай асобы, годнасці, працы, сацыяльнай справядлівасці і агульнага дабра.
Наступная пленарная асамблея Рады Біскупскіх Канферэнцый ЕС адбудзецца ў Бруселі 21-24 красавіка 2027 года.





