Пошук

14.04.2026 11:58   Кс. Аляксандр Амяльчэня / Vatican News BY / Catholic.by
Візіт Папы ў Базыліку Маці Божай Алжырскай у Алжыры. Фота: Vatican News BY

13 красавіка распачаўся 1-ы дзень Апостальскага падарожжа Папы Льва XIV у 4 афрыканскія краіны: Алжыр, Камерун, Анголу і Экватарыяльную Гвінею. Падарожжа будзе доўжыцца да 23 красавіка.

Каля ў 9.00 па рымскім часе лайнер «ITA A330-900neo» падняўся ў паветра, трымаючы курс на паўночнаафрыканскае ўзбярэжжа. Палёт праходзіў каля 2-х гадзін, за гэты час самалёт пераадолеў каля 1029 км, накіроўваючыся ў міжнародны аэрапорт імя Хуары Бумед’ена ў Алжыры, аднайменнай сталіцы дзяржавы.

Візіт Наступніка святога Пятра стаў першым такога роду крокам у гісторыі гэтай краіны.

Гістарычная важнасць падзеі падкрэсліваецца тым, што Алжыр раней ніколі не прымаў Пантыфіка. Гэтае падарожжа заклікана ўмацаваць масты даверу і паказаць, што нават малая хрысціянская супольнасць (колькасць католікаў там складае ўсяго каля 9 тысяч чалавек на 45 мільёнаў жыхароў) знаходзіцца ў самым сэрцы ўвагі Касцёла.

Нягледзячы на свой статус абсалютнай меншасці, Касцёл у гэтай краіне мае выразна афрыканскае аблічча і вялікую духоўную вагу. Арцыбіскуп Алжыра кардынал Жан-Поль Веско падкрэслівае, што галоўная місія католікаў тут  не празелітызм, а будаванне гармоніі і прымірэння.

У краіне, дзе пераход з ісламу забаронены, вернікі часта вымушаныя сведчыць аб Хрысце проста сваёй прысутнасцю, дыялогам і штодзённым служэннем. Нямецкі дамініканін айцец Дэніс Хальфт апісвае гэтую супольнасць як структурна слабую, але надзвычай багатую на досвед, які ўзбагачае ўвесь Касцёл.

Важным складнікам мясцовай ідэнтычнасці з’яўляецца памяць пра 19 манахаў і духоўных асоб, забітых у 1990-я гады, сярод якіх сем трапістаў з Тыбірына. Іх самаахвярнасць выклікае пашану нават сярод мусульман, а былое абацтва стала месцам малітвы і сустрэчы. Візіт Льва XIV сімвалічна супадае з 30-й гадавінай тых трагічных падзей.

Першыя крокі Папы на алжырскай зямлі: Манумент пакутнікаў «Макам Эшахід» у Алжыры

Папа ў міжнародным аэрапорце імя Хуары Бумед’ена. Фота: Vatican News BY

Пасля прызямлення папскага самалёта ў Алжыры каля 10.00 па мясцовым часе на яго борт падняліся апостальскі нунцый, арцыбіскуп Хаўер Херэра Карона, і кіраўнік пратакола Алжыра, каб павітаць Пантыфіка. Ужо каля падножжа трапа Льва XIV сустракаў Прэзідэнт Алжырскай Народнай Дэмакратычнай Рэспублікі Абдэльмаджыд Тэбун.

Першым значным пунктам візіту стаў Манумент мучанікаў — велічнае ўшанаванне тых, хто аддаў жыццё за свабоду.

Каля 10.30 Святы Айцец накіраваўся да мемарыяла «Макам Эшахід», размешчанага ў 17,8 кіламетрах ад аэрапорта. Гэты бетонны манумент вышынёй больш за 90 метраў быў адкрыты ў лютым 1982 года да 20-годдзя незалежнасці краіны ў памяць аб загінулых у барацьбе з каланіялізмам. Візіт да гэтага сімвала нацыянальнай памяці падкрэслівае пашану Пантыфіка да гістарычнага вопыту алжырскага народа.

Ля падножжа лесвіцы мемарыяла Папу прывітаў прадстаўнік урада, пасля чаго Святы Айцец у суправаджэнні вышэйшых афіцэраў алжырскай гвардыі падняўся да помніка для ўскладання кветак. Гэтая цырымонія, напоўненая цішынёй і гукамі дзяржаўнага гімна, стала данінай павагі гісторыі народа, які прайшоў праз выпрабаванні і кроў на шляху да сваёй незалежнасці.

Папа наведаў Манумент пакутнікаў «Макам Эшахід» у сталіцы Алжыра. Фота: Vatican News BY

Сапраўдная свабода  гэта штодзённы выбар на карысць міру і братэрства

Пасля вітальнага слова арцыбіскупа Алжыра кардынала Жана-Поля Веско, Леў XIV звярнуўся да пяці тысяч вернікаў і жыхароў горада, якія сабраліся на тэрасе з відам на порт. Папа адзначыў, што наведвае гэтую зямлю ўжо не як «духоўны сын святога Аўгустына», якім ён быў тут двойчы раней, а як Наступнік Пятра і брат, які прыйшоў умацаваць сувязі любові. У сваёй прамове Пантыфік назваў алжырцаў моцным і маладым народам, у чыім сэрцы гасціннасць і салідарнасць з'яўляюцца не проста словамі, а жывымі каштоўнасцямі.

Аналізуючы складаны гістарычны шлях краіны, Леў XIV падкрэсліў, што Алжыр здолеў пераадолець перыяды гвалту дзякуючы шляхетнасці духу.

Ён нагадаў, што Бог жадае міру для кожнага народа, але гэты мір немагчымы без справядлівасці і, перш за ўсё, без прабачэння.

Паводле слоў Папы, сапраўдная вызваленчая барацьба лічыцца канчаткова выйгранай толькі тады, калі здабываецца мір у чалавечых сэрцах. У свеце, дзе памнажаюцца канфлікты, нельга дазваляць крыўдзе пераходзіць ад пакалення да пакалення.

Вера ў Бога для алжырскага народа, як адзначыў Пантыфік, з'яўляецца той жамчужынай, якая асвятляе жыццё сем'яў і дапамагае праходзіць праз цяжкасці. Менавіта вернікі, якія прагнуць адзінства, здольныя супрацьстаяць спакусам часовага і падманлівага багацця, якое часта разбурае душу і сее варожасць.

Перамога справядлівасці над гвалтам магчымая толькі праз ачышчэнне памяці

Леў XIV звярнуўся да евангельскай мудрасці, цытуючы пытанне Езуса аб тым, якая карысць чалавеку, калі ён набудзе ўвесь свет, а сваёй душы зашкодзіць (пар. Лк 9, 25).

Ён паставіў у прыклад пакутнікаў, якія аддалі жыццё з любові да свайго народа, паказаўшы, што сапраўдная свабода — гэта не толькі спадчына, але і асабісты выбар, які трэба рабіць кожны дзень.

Завяршаючы сваю сустрэчу, Папа абвясціў благаслаўленні з Казання на гары, нагадваючы, што менавіта міратворцы будуць названы сынамі Божымі.

Прамова Папы ў канферэнц-зале: Алжыр павінен стаць рухавіком новай справядлівасці

Прамова Льва XIV у канферэнц-цэнтры «Djamaa el Djazair» перад прадстаўнікамі ўлады, грамадзянскай супольнасці і дыпламатычнага корпуса. Фота: Vatican News BY

Пасля заканчэння афіцыйнай часткі і фотасесіі на фоне алжырскага порта, Пантыфік накіраваўся ў Прэзідэнцкі палац «Эль-Мурадыя»  велічны будынак, што спалучае андалузскі і магрэбскі стылі. Там яго прывітаў Прэзідэнт Абдэльмаджыд Тэбун, які быў перавыбраны на другі тэрмін у 2024 годзе і раней ужо сустракаўся з Пантыфікам у Ватыкане. Пасля цырымоніі прывітання і агляду ганаровай варты лідары правялі прыватную размову і абмяняліся падарункамі.

Галоўнай падзеяй дня стала прамова Льва XIV у канферэнц-цэнтры «Djamaa el Djazair» перад прадстаўнікамі ўлады, грамадзянскай супольнасці і дыпламатычнага корпуса.

Пантыфік заўважыў, што ўсе мы з’яўляемся братамі і сёстрамі, бо маем аднаго Айца на нябёсах. Менавіта ў гэтым усведамленні, на думку Папы, крыецца ключ да адкрыцця шматлікіх зачыненых дзвярэй у сучасным свеце, поўным непаразуменняў.

Справядлівасць як падмурак сапраўднага міру і салідарнасці

Леў XIV звярнуў увагу на ўкаранёную ў мясцовай культуры традыцыю гасціннасці. Ён асабліва вылучыў паняцце sadaka  міласціну, якая ў сваёй аснове азначае справядлівасць. Паводле слоў Папы, несправядлівым з’яўляецца той, хто назапашвае багацце і застаецца абыякавым да патрэб іншых.

«Рэлігія без спачування і грамадскае жыццё без салідарнасці — гэта скандал перад абліччам Бога»,

адзначыў ён.

Прэзідэнт Алжыра Абдэльмаджыд Тэбун вітае Папу ля Прэзідэнцкага палаца «El Mouradia». Фота: Vatican News BY

Пантыфік нагадаў пра выклікі глабалізацыі, спаслаўшыся на думкі сваіх папярэднікаў — Бэнэдыкта XVI і Францішка. Ён падкрэсліў, што Алжыр, дзякуючы свайму драматычнаму гістарычнаму досведу, мае асаблівы погляд на сусветную раўнавагу і можа паспрыяць усталяванню большай справядлівасці паміж народамі.

Міжземнамор’е і Сахара: ад могілак да аазісаў сустрэчы і надзеі

Геаграфічнае становішча краіны паміж Міжземным морам і Сахарай Папа назваў духоўным скрыжаваннем велізарнай важнасці. Ён перасцярог ад ператварэння гэтых прастор у «могілкі, дзе памірае надзея», заклікаўшы выкараняць прычыны адчаю і змагацца з тымі, хто атрымлівае прыбытак ад чалавечых пакут.

Каталіцкі Касцёл у Алжыры, як адзначыў Святы Айцец, імкнецца ўносіць свой уклад у агульнае дабро, служачы сувязным звяном паміж Поўначчу і Поўднем, Усходам і Захадам.

На заканчэнне Леў XIV закрануў праблему напружанасці паміж рэлігійным пачуццём і сучасным жыццём. Ён адзначыў небяспеку як фундаменталізму, так і радыкальнай секулярызацыі, якія вядуць да страты сапраўднага разумення годнасці стварэнняў Божых.

Выйсце Пантыфік бачыць у выхаванні крытычнага мыслення і культуры дыялогу, якія дазваляюць бачыць у іншым чалавеку спадарожніка, а не пагрозу. Папа пажадаў алжырскаму народу дару прымірэння і заклікаў на ўсіх благаслаўленне Усявышняга.

Леў XIV у Вялікай мячэці: гістарычны крок да адзінства

Візіт Папы ў Вялікую мячэць Алжыра. Фота: Vatican News BY

Апостальскі візіт Папы ў Алжыр адзначыўся глыбокім знакам пашаны да ісламскай традыцыі краіны. У другой палове дня Леў XIV наведаў Вялікую мячэць Алжыра — трэцюю па памеры ў свеце, з самым высокім мінарэтам вышынёй 267 метраў. Гэты манументальны комплекс, які з’яўляецца ўвасабленнем праекта «ўмеранай рэлігійнасці», прыняў Наступніка Пятра ў суправаджэнні кардынала Джорджа Коавакада, прэфекта Дыкастэрыі па міжрэлігійным дыялогу, пад купалам дыяметрам 50 метраў.

Сустрэча ў мячэці як маніфест узаемнай павагі і міру

Каля ўваходу ў святыню Папу прывітаў муфцій мячэці Махамед Мамун Аль-Касімі. Падчас кароткай прыватнай сустрэчы, на якой прысутнічаў і арцыбіскуп Алжыра Жан-Поль Веско, бакі абмяняліся думкамі аб адказнасці вернікаў за лёс свету. Леў XIV пакінуў запіс у Кнізе ганаровых гасцей, падкрэсліўшы, што архітэктурная веліч гэтага месца павінна спрыяць духоўнаму ўзвышэнню і збліжэнню народаў. Гэты візіт стаў чарговым крокам у рэалізацыі мары аб свеце без нянавісці і насілля.

Падчас размовы Папа выказаў удзячнасць за магчымасць наведаць месца, якое належыць Богу, у краіне, звязанай з яго духоўным настаўнікам святым Аўгустынам, які вучыў свет «пошуку праўды, пошуку Бога, прызнанню годнасці кожнага чалавека і важнасці будавання міру». Пантыфік таксама высока ацаніў наяўнасць у мячэці адукацыйнага цэнтра. Чалавеку неабходна развіваць інтэлектуальныя здольнасці, дадзеныя Богам, каб лепш разумець веліч стварэння, заўважыў ён.

Леў XIV заклікаў праз пошук праўды, адукацыю і прызнанне годнасці кожнага чалавека вучыцца ўзаемнай павазе, жыць у гармоніі і будаваць мір.

Ён запэўніў у сваіх малітвах за алжырскі народ і за ўсю чалавечую сям’ю.

Пасля афіцыйных мерапрыемстваў у мячэці Пантыфік накіраваўся ў квартал Баб-эль-Уэд. Там ён наведаў Цэнтр прыёму і сяброўства, якім апякуюцца сёстры аўгустынкі місіянеркі. Гэтае месца прасякнута памяццю пра мучаніцтва: менавіта тут жылі і служылі сёстры Эстэр Паніягуа Алонса і Карыдад Альварэс Марцін. Яны былі забітыя тэрарыстамі 23 кастрычніка 1994 года, у самы змрочны перыяд алжырскай гісторыі, калі ішлі на нядзельную Імшу.

Цэнтр прыёму і сяброўства, якім апякуюцца сёстры аўгустынкі. Фота: Vatican News BY

Сведчанне любові, якое мацнейшае за тэрор і смерць

Сёння ў гэтым цэнтры працягваецца штодзённая ціхая праца: тут дапамагаюць дзецям у вучобе, праводзяць моўныя курсы для дарослых і майстар-класы для жанчын.

Леў XIV ушанаваў памяць загінулых законніц, адзначыўшы, што іх жыццё стала мостам паміж хрысціянамі і мусульманамі. На думку Святога Айца, менавіта такая простая і шчырая салідарнасць, якую сёстры праяўлялі да мясцовых жыхароў, з’яўляецца лепшым адказам на любыя праявы экстрэмізму.

Папа ў Базыліцы Маці Божай Афрыканскай: Будзьце знакам надзеі праз малітву і служэнне

Візіт Папы ў Базыліку Маці Божай Алжырскай у Алжыры. Фота: Vatican News BY

Візіт Святога Айца ў Алжыр працягнуўся кранальнай сустрэчай вечарам з мясцовай супольнасцю ў Базыліцы Маці Божай Афрыканскай. Гэты велічны храм, узведзены на скале над горадам, стаў месцам малітвы і дыялогу.

Перад уваходам у Базыліку Пантыфіка прывіталі дзеці, якія ўручылі яму кветкі. Папу суправаджалі арцыбіскуп Алжыра Жан-Поль Веско і рэктар базілікі айцец Пэтэр Клавер Ког, які падаў Наступніку Пятра нашага часу крыж і асвечаную ваду для акраплення.

Малітва як подых, неабходны для жыцця кожнага чалавека

Звяртаючыся да прысутных, Леў XIV адзначыў, што Касцёл у Алжыры мае старажытныя карані, якія сягаюць часоў святога Аўгустына і яго маці, святой Монікі. Папа ўзгадаў сучасных сведак веры  19 мучанікаў, сярод якіх законнік-урач Люк з Тыбірына, які адмовіўся пакідаць сваіх пацыентаў у час небяспекі. «Іх кроў  гэта жывое насенне, якое заўсёды будзе прыносіць плён» падкрэсліў ён.

Святы Айцец вылучыў тры галоўныя аспекты хрысціянскага жыцця: малітву, міласэрнасць і адзінства.

Пантыфік падзякаваў за сведчанні, якія прагучалі ў святыні. Сястра Бернадэт распавяла пра дапамогу дзецям з інваліднасцю, а мусульманка Монія і студэнтка Ракель падзяліліся вопытам суіснавання ў братэрстве. Папа заўважыў, што базыліка з’яўляецца сімвалам Касцёла, пабудаванага з «жывых камянёў», дзе каля Маці Божай сустракаюцца хрысціяне і мусульмане.

У адзінстве  сіла для пераадолення падзелаў і войнаў

Асаблівую ўвагу Леў XIV звярнуў на метафару пустыні, якая займае вялікую частку Алжыра. Ён нагадаў, што ў пустыні немагчыма выжыць паасобку: суровая прырода вучыць людзей, наколькі яны патрэбныя адзін аднаму і Богу. Паводле слоў Пантыфіка, прызнанне ўласнай хрупкасці адкрывае сэрцы для ўзаемнай падтрымкі і прымірэння, якое не можа гарантаваць ніякая чалавечая ўлада.

Завяршаючы сустрэчу, Папа запаліў свечку ў капліцы святой Монікі і памаліўся каля помніка ахвярам караблекрушэнняў у Міжземным моры.

Перад тым як адправіцца пешшу ў апостальскую нунцыятуру для сустрэчы з біскупамі Алжыра, Святы Айцец удзяліў усім прысутным сваё благаслаўленне, заклікаючы заставацца супольнасцю, адкрытай для свету і вернай запавету міру.

Абноўлена 14.04.2026 12:51
Пры выкарыстанні матэрыялаў Catholic.by спасылка абавязковая. Калі ласка, азнаёмцеся з умовамі выкарыстання

Дарагія чытачы! Catholic.by — некамерцыйны праект, існуе за кошт ахвяраванняў і дабрачыннай дапамогі. Мы просім падтрымаць нашу дзейнасць. Ці будзе наш партал існаваць далей, у значнай ступені залежыць ад вас. Шчыра дзякуем за ахвярнасць, молімся за ўсіх, хто нас падтрымлівае.

. . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . .
Папа Францішак

Бог заўсёды чакае нас.
Ён ніколі не губляе надзеі і заўсёды прабывае побач.