Пошук

13.01.2026 08:18   Тэкст: Аляксандр Панчанка / Vatican News BY

Святы Францішак Асізскі

Апостальская пэнітэнцыярыя ўдзяляе поўны адпуст з нагоды Года святога Францішка. Ён праходзіць у Касцёле з 10 студзеня 2026 года да 10 студзеня 2027 года і прымеркаваны да 800-й гадавіны смерці Асізскага Бедняка.

Папа Леў XIV устанавіў спецыяльны Год святога Францішка, каб кожны хрысціянін, ідучы за прыкладам святога з Асізі, сам станавіўся прыкладам святасці жыцця і нястомным сведкам міру.

З нагоды юбілейнага года Апостальская пэнітэнцыярыя, у адпаведнасці з воляй Пантыфіка, выдала дэкрэт аб удзяленні поўнага адпусту пры звычайных умовах (сакрамэнтальная споведзь, эўхарыстычная Камунія і малітва ў інтэнцыях Святога Айца), які можа быць ахвяраваны за душы ў чыстцы.

Адпуст для членаў францішканскіх сем'яў і супольнасцяў

Поўны адпуст удзяляецца членам францішканскіх сем’яў першага, другога і трэцяга ордэнаў; інстытутаў кансэкраванага жыцця, таварыстваў апостальскага жыцця, публічных ці прыватных аб’яднанняў вернікаў, мужчынскіх і жаночых, якія прытрымліваюцца рэгулы святога Францішка або натхнёныя яго духоўнасцю ці нейкім іншым чынам наследуюць яго харызмат.

Умовы для ўсіх вернікаў

Пэнітэнцыярыя таксама ўдзяляе поўны адпуст усім вернікам, якія, не маючы прывязанасці да граху, прымуць удзел у Годзе святога Францішка, наведаўшы ў форме пілігрымкі любы францішканскі касцёл або месца культу ў любой частцы свету, прысвечанае гэтаму святому ці звязанае з ім якім-небудзь чынам, і там пабожна паўдзельнічаюць у юбілейных абрадах або прынамсі правядуць пэўны час у пабожных разважаннях і ўзнясуць да Бога малітвы — каб, паводле прыкладу святога Францішка, у сэрцах нараджаліся пачуцці хрысціянскай любові да бліжняга і шчырыя імкненні да згоды і міру паміж народамі, — завяршаючы іх малітвай «Ойча наш», Сімвалам веры і заклікамі да Найсвяцейшай Панны Марыі, святога Францішка Асізскага, святой Клары і ўсіх святых францішканскай сям’і.

Адпуст для пажылых і хворых

Поўны адпуст могуць атрымаць таксама пажылыя людзі, хворыя і тыя, хто клапоціцца пра іх, а таксама ўсе, хто па сур’ёзнай прычыне не мае магчымасці пакінуць свой дом, калі яны, не маючы прывязанасці да граху і з намерам пры першай магчымасці выканаць тры звычайныя ўмовы, духоўна далучацца да юбілейных цэлебрацый Года святога Францішка, ахвяруючы міласэрнаму Богу свае малітвы, боль і пакуты ўласнага жыцця.

Заклік да святароў

Апостальская пэнітэнцыярыя заклікала ўсіх святароў, законных і дыяцэзіяльных, якія маюць адпаведныя паўнамоцтвы, быць гатовымі з руплівым, шчодрым і міласэрным духам да ўдзялення сакрамэнту споведзі.

Пры выкарыстанні матэрыялаў Catholic.by спасылка абавязковая. Калі ласка, азнаёмцеся з умовамі выкарыстання

Дарагія чытачы! Catholic.by — некамерцыйны праект, існуе за кошт ахвяраванняў і дабрачыннай дапамогі. Мы просім падтрымаць нашу дзейнасць. Ці будзе наш партал існаваць далей, у значнай ступені залежыць ад вас. Шчыра дзякуем за ахвярнасць, молімся за ўсіх, хто нас падтрымлівае.

. . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . .
Папа Францішак

Спагадлівасць - гэта праява Божай
Міласэрнасці, адзін з сямі дароў Святога Духа