Пошук

28.04.2025 20:53   Тэкст: Аляксандр Панчанка, кс. Аляксандр Амяльчэня / Vatican News
Кардыналы падчас канклава. Ілюстрацыйнае фота: Беларуская рэдакцыя Vatican News

Канклаў — старажытная працэдура выбару Пантыфіка, якая праводзіцца ў поўнай ізаляцыі ад знешняга свету і рэгулюецца дакладнымі правіламі — распачнецца ў другой палове дня 7 мая.

Як паведамляе Беларуская рэдакцыя Vatican News, дату пачатку працэдуры выбару Папы вызначылі кардыналы, якія 28 красавіка сабраліся ў Ватыкане на Пятай Генеральнай Кангрэгацыі.

Канклаў будзе праходзіць у Сікстынскай капэле, якая ўжо закрыта для наведвальнікаў. У бліжэйшы час яна будзе падрыхтавана да выбару новага Пантыфіка.

Таксама паведамляецца, што кардынал П’етра Паралін, які займаў пасаду Дзяржаўнага сакратара з 15 кастрычніка 2013 года да смерці Францішка, як найстарэйшы кардынал-біскуп будзе старшынстваваць на агульных кангрэгацыях, якія папярэднічаюць выбару Пантыфіка, а таксама на самім канклаве.

Са смерцю Папы Францішка аж да моманту выбару новага Папы ў Касцёле будзе трываць перыяд «Sede Vacante» (незанятага Святога Пасаду). Кардыналы-выбаршчыкі  чальцы Калегіі кардыналаў маладзейшыя за 80 гадоў — збіраюцца ў Рыме. Ключавым момантам з'яўляецца Імша «Pro eligendo Papa» (аб выбары Папы) і ўрачыстае зачыненне дзвярэй Сікстынскай капэлы.

Выбар адбываецца шляхам тайнага галасавання і ў поўнай ізаляцыі ад свету. Падчас шматлікіх паслядоўных галасаванняў кожны выбаршчык аддае свой голас за аднаго кандыдата, старанна складваючы бюлетэнь і ўкладваючы яго ў спецыяльную урну.

Для выбару Папы патрабуецца не менш як дзве трэція галасоў, аддадзеных за аднаго з кандыдатаў. Улічваючы, што сёння права ўдзелу ў канклаве маюць 135 кардыналаў-выбаршчыкаў (хоць невядома, ці ўсе возьмуць удзел у канклаве), для правамоцнага выбару Біскупа Рыма спатрэбіцца не менш як 90 галасоў.

Абноўлена 28.04.2025 21:08
Пры выкарыстанні матэрыялаў Catholic.by спасылка абавязковая. Калі ласка, азнаёмцеся з умовамі выкарыстання

Дарагія чытачы! Catholic.by — некамерцыйны праект, існуе за кошт ахвяраванняў і дабрачыннай дапамогі. Мы просім падтрымаць нашу дзейнасць. Ці будзе наш партал існаваць далей, у значнай ступені залежыць ад вас. Шчыра дзякуем за ахвярнасць, молімся за ўсіх, хто нас падтрымлівае.

. . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . .
Папа Францішак

Спагадлівасць - гэта праява Божай
Міласэрнасці, адзін з сямі дароў Святога Духа