Пошук

03.10.2024 10:29   Паводле: Vatican News / Catholic.by
Фота з асабістага архіву б-па Аляксандра Яшэўскага SDB

2 кастрычніка ў Ватыкане расапачалася праца другой сесіі XVI Звычайнай Генеральнай Асамблеі Сіноду Біскупаў, якая будзе праходзіць да 27 кастрычніка на тэму: «На карысць Касцёла сінадальнага: камунія, удзел і місія».

Касцёл у Беларусі на Сінодзе афіцыйна прадстаўляе біскуп Аляксандр Яшэўскі SDB.

На пачтак працы заключнай сесіі Сіноду на тэму сінадальнасці Святы Айцец Папа Францішак узначаліў цэлебрацыю святой Імшы.

Як паведаміла Беларуская рэдакцыя парталу Vatican News, у прамоўленай гаміліі Пантыфік вылучыў некалькі важных патрабаванняў для сходу, выкарыстаўшы тры вобразы: голасу, прытулку і дзіцяці, прадстаўленыя ў літургічных чытаннях на свята святых Анёлаў Ахоўнікаў.

«На шляху да Абяцанай зямлі Бог заклікаў народ слухаць голас анёла, якога Ён паслаў», — нагадаў Папа, падкрэсліўшы, што Сінод — гэта таксама шлях, на якім трэба слухаць і спрабаваць зразумець «ідэі, чаканні, прапановы, каб разам распазнаць у іх голас Бога, які прамаўляе да Касцёла». Для гэтага трэба вызваліцца ад усяго, што перашкаджае «любові Духа» ствараць гармонію ў разнастайнасці.

«Кажучы канкрэтней, давайце будзем асцярожнымі, каб не ператварыць свой унёсак у абарону ўласнага пункту гледжання ці навязванне ўласнай павесткі дня, але прапануем яго як дар, якім трэба падзяліцца, гатовыя ахвяраваць нечым, калі гэта дазволіць увасобіць у жыццё нешта новае, згодна з Божай задумай. У адваротным выпадку ў нас будзе дыялог глухіх, дзе кожны намагаецца «ліць ваду на ўласны млын», не слухаючы іншых, а ў першую чаргу голас Бога», — сказаў Папа Францішак.

Пантыфік нагадаў, што «рашэнні праблем, якія трэба вырашыць, маем не мы, а Бог». «І будзем памятаць, што ў пустыні не жартуюць: калі не быць уважлівым да правадыра, спадзеючыся толькі на саміх сябе, можна памерці ад голаду і смагі, зацягнуўшы з сабой таксама і іншых. Таму давайце будзем слухаць голас Бога і Яго анёла, калі мы па-сапраўднаму хочам бяспечна працягваць наш шлях, нягледзячы на абмежаванні і цяжкасці», — заахвоціў Святы Айцец.

Другі вобраз — прытулак, які, згодна з Псальмам 91 (90), можна знайсці пад крыламі Бога. Разважаючы над ім, Папа заклікаў стварыць на Сінодзе атмасферу, у якой кожны зможа выказвацца свабодна.

Ён заклікаў «моцных, добра падрыхтаваных» удзельнікаў, умець таксама «расслабіць мускулы і схіліцца, каб стаць адно для аднаго адкрытымі абдымкамі і месцам прытулку».

Святы Айцец падкрэсліў, што кожны ўдзельнік Сіноду зможа больш свабодна выказвацца, калі «адчуе вакол сябе прысутнасць сяброў, якія любяць і паважаюць яго, цэняць і жадаюць выслухаць тое, што ён хоча сказаць». Папа Францішак, адзначыў, што Касцёл мае патрэбу ў «спакойных і адкрытых месцах», якія, у першую чаргу, трэба стварыць у сэрцах.

Нарэшце, апошні вобраз, на якім засяродзіў увагу Пантыфік, — дзіця, якое Езус паставіў у цэнтр, заклікаўшы вучняў стаць малымі і прымаць дзяцей у імя Яго. «Адзіны шлях, каб быць „на вышыні“ задання, даверанага нам, гэта стаць малымі і прымаць адзін аднаго такімі, якія мы ёсць, у пакоры», — сцвердзіў Папа. «Давайце будзем памятаць, што менавіта стаўшы малым Бог «паказвае, у чым заключаецца сапраўдная веліч, і нават больш за гэта — паказвае, што значыць быць Богам», — дадаў пастыр паўсюднага Касцёла.

«Таму давайце папросім Пана падчас гэтай Эўхарыстыі перажыць дні, якія чакаюць нас, пад знакам слухання, узаемнага ахоўвання і пакоры, каб чуць голас Духа, каб адчуваць сябе прынятымі і прымаць з любоўю і ніколі не губляць з поля зроку даверлівыя, нявінныя і простыя вочы малых, голасам якіх хочам стаць, і праз якіх Пан працягвае ўсклікаць да нашай свабоды і нашай патрэбы ў навяртанні», — завяршыў гамілію Папа Францішак.

Абноўлена 03.10.2024 11:00
Пры выкарыстанні матэрыялаў Catholic.by спасылка абавязковая. Калі ласка, азнаёмцеся з умовамі выкарыстання

Дарагія чытачы! Catholic.by — некамерцыйны праект, існуе за кошт ахвяраванняў і дабрачыннай дапамогі. Мы просім падтрымаць нашу дзейнасць. Ці будзе наш партал існаваць далей, у значнай ступені залежыць ад вас. Шчыра дзякуем за ахвярнасць, молімся за ўсіх, хто нас падтрымлівае.

. . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . .
Папа Францішак

Спагадлівасць - гэта праява Божай
Міласэрнасці, адзін з сямі дароў Святога Духа