Папа Францішак напісаў прадмову да кнігі «Хрысціянін у камеры смяротнікаў. Маё служэнне побач з асуджанымі».
Як паведаміла 18 жніўня Беларуская рэдакцыя парталу Vatican News, аўтар кнігі — 72-гадовы Дэйл Рэсінэла, у мінулым паспяховы юрыст з Уол-Стрыт, які з 1998 года разам са сваёй жонкай духоўна падтрымлівае асуджаных на смерць у турмах Флорыды ў якасці свецкага капелана. Кніга выйшла ў Ватыканскім выдавецтве. 27 жніўня 2024 года яна з’явіцца на паліцах кнігарняў.
На старонках кнігі Рэсінэла расказвае пра сваё служэнне ў камерах смяротнікаў, да якога прыйшоў пасля сустрэчы з Хрыстом.
У прадмове Папа Францішак, між іншым, напісаў:
«Я ўжо неаднаразова казаў, што смяротнае пакаранне не вырашае праблему насілля, што пагражае нявінным людзям. Экзекуцыі, далёкія ад правасуддзя, сілкуюць пачуццё помсты, якое ператвараецца ў небяспечную атруту для арганізма нашых цывілізаваных грамадстваў. Дзяржавы павінны дбаць пра тое, каб даць зняволеным шанс па-сапраўднаму змяніць сваё жыццё, а не ўкладаць грошы і рэсурсы ў іх падаўленне, як быццам яны — чалавечыя істоты, больш не вартыя жыцця і ад якіх трэба пазбавіцца», — напісаў Папа.
Папа Францішак заўважыў, што служэнне Дэйла Рэсінэлы і яго жонкі — гэта вялікі дар для Касцёла і грамадства ў ЗША, бо сведчыць пра бясконцасць Божай Міласэрнасці. «Мы ніколі не павінны думаць, што нейкі грэх, нейкая памылка, нейкі ўчынак могуць канчаткова аддаліць нас ад Пана: Яго сэрца ўжо ўкрыжавана за нас і Бог можа толькі прабачыць нас», — падкрэсліў Святы Айцец.
Пантыфік нагадаў, што бясконцая Божая Міласэрнасць можа стаць прычынай абурэння для людзей, як гэта было ў часы Езуса, калі Божы Сын еў разам з грэшнікамі і распусніцамі.
«Брату Дэйлу самому даводзілася сутыкацца з крытыкай, адгаворамі і непрыязнасцю з-за яго духоўнага клопату пра асуджаных. Але хіба не праўда, што Езус адкрыў свае абдымкі для злодзея, асуджанага на смерць.
Дэйл Рэсінэла па-сапраўднаму зразумеў і сведчыць сваім жыццём, кожны раз праходзячы праз дзверы турмы, асабліва той, якую называе „домам смерці“, што Божая любоў бязмежная і бязмерная. І што нават самыя агідныя грахі не знявечваюць нашу тоеснасць у вачах Бога: мы застаемся Яго дзецьмі, якіх Ён любіць, атуляе і лічыць каштоўнымі», — дадаў Папа.
Святы Айцец выказаў падзяку аўтару кнігі за яго служэнне, якое назваў прыкладам наследавання самай глыбокай евангельскай рысы — Міласэрнасці Бога, Яго свабоднай і нязменнай любові да кожнага чалавека, нават да тых, хто ўчыніў зло. Папа адзначыў, што менавіта дзякуючы погляду з любоўю, падобнаму на погляд Хрыста на крыжы, людзі могуць знайсці новы сэнс свайго жыцця, а таксама смерці.