50 тысяч юнакоў і дзяўчат з 20 краін свету, задзейнічаных у літургічнай службе, прыедуць у Рым у межах XIII Міжнароднай пілігрымкі міністрантаў, якая пройдзе з 28 ліпеня па 3 жніўня.
Як паведаміла Беларуская рэдакцыя парталу Vatican News, кульмінацыяй пілігрымкі стане сустрэча з Папам Францішкам на плошчы Святога Пятра.
Праграма ўключае музыку, набажэнствы і міжнародны абмен. Асноўныя моманты — вечаровая малітва са Святым Айцом і міжнародная сустрэча на плошчы Святога Пятра 30 ліпеня.
87-гадовы Папа Францішак перапыніць свой летні адпачынак адмыслова дзеля сустрэчы з маладымі людзьмі.
Міжнародная пілігрымка міністрантаў бярэ свой пачатак у 1961 годзе і звычайна праходзіць кожныя чатыры гады. З прычыны пандэміі каранавірусу перапынак стаў больш працяглым: папярэдні форум праходзіў у 2018 годзе. Пілігрымку ў 13-ы раз арганізуе Міжнародная асацыяцыя міністрантаў (Cœtus Internationalis Ministrantium).
Чакаецца, што сярэдні ўзрост юных удзельнікаў складзе ад 15-і да 16-і гадоў, хоць некаторыя групы бяруць з сабой і 12-гадовых.
У сустрэчы ёсць свой гімн і лагатып, сугучныя з дэвізам сёлетняй пілігрымкі: «З табой» (Іс 41, 10).