Пошук

06.06.2024 09:50   Паводле: Svjazep.org, Vatican News BY / Catholic.by

29 мая споўнілася 300 гадоў з часу абрання Папам Бэнэдыкта ХІІІ, Слугі Божага, які прыняў рашэнне аб каранацыі папскімі каронамі першага Марыйнага абраза на тэрыторыі сучаснай Беларусі — цудадзейнай іконы Маці Божай Жыровіцкай.

Як адзначаецца на сайце грэка-каталіцкай парафіі святога праведнага Язэпа ў Мінску Svjazep.org, каранаванне жыровіцкага абраза Багародзіцы адбылося 19 верасня 1730 года, калі Папам быў ужо Клімэнт ХІІ (12.VII.1730 – 6.ІІ.1740).

Але рашэнне «ўскласці на галаву Божага Дзіцяці Езуса і Багародзіцы Панны ў горадзе Жыровічы, у касцёле айцоў Ордэна святога Базыля, залатыя кароны» было прынята яшчэ ў 1726 годзе, у час пантыфікату Папы Бэнэдыкта ХІІІ (29.V.1724 – 21.ІІ.1730).

21 лютага 1931 года Папа Пій ХІ распачаў справу яго беатыфікацыі, абвясціўшы Бэнэдыкта ХІІІ Слугой Божым. 24 лютага 2012 года Папа Бэнэдыкт XVI адкрыў працэс беатыфікацыі і кананізацыі. Дыяцэзіяльны этап быў завершаны 22 лютага 2017 года, і ўся сабраная дакументацыя была перададзена ў Кангрэгацыю (сёння — Дыкастэрыю) па справах Кананізацыі.

Пачынаючы з 2010 года, калі адзначалася 280-годдзе з часу каранацыі жыровіцкай іконы Багародзіцы, беларускія грэка-католікі, перадусім з парафіі Маці Божай Жыровіцкай ў Івацэвічах, ушаноўваюць памяць Слугі Божага Папы Бэнэдыкта ХІІІ.

Адбыліся і авія-пілігрымкі беларускіх вернікаў да месца яго нараджэння ў Гравіна-ін-Пулья ў Італіі.

Як паведаміла Беларуская рэдакцыя парталу Vatican News, Папа Францішак скіраваў пасланне з нагоды святкавання 300-годдзя абрання на Пасад святога Пятра П’етро Франчэско Арсіні — Папы Бэнэдыкта XIII, якое праходзіла на радзіме гэтага Пантыфіка, у Гравіна-ін-Пулья на поўдні Італіі.

Святы Айцец асаблівым чынам падкрэсліў пакору Бэнэдыкта XIII, яго любоў да бедных і непрыняцце ім свецкага ладу жыцця і кар’ерызму.

«Гэта быў чалавек малітвы, які правёў першыя тры дні пасля свайго абрання біскупам Рыма ў глыбокай малітоўнай цішы», — нагадаў Папа Францішак.

Папскае пасланне было прачытана 29 мая на заканчэнне святой Імшы, якую кардынал Марчэло Сэмэрара, прэфект Дыкастэрыі па справах кананізацыі, цэлебраваў у мясцовай базыліцы Унебаўзяцця Найсвяцейшай Панны Марыі. Менавіта ў гэтай старажытнай святыні развівалася пакліканне будучага дамініканіна, кардынала, біскупа і Пантыфіка.

П’етро Франчэско Арсіні паходзіў з заможнага арыстакратычнага роду, быў першынцам у сям’і і меў перад сабой добрыя кар’ерныя перспектывы, але адважыўся пакінуць усё і пайсці за Хрыстом, уступіўшы ў Ордэн Прапаведнікаў. Праз год пасля прэзбітэрскага пасвячэння ён з паслухмянасці пагадзіўся стаць членам Калегіі кардыналаў і прыняць біскупскае прызначэнне, — нагадаў Святы Айцец.

«Замест таго, каб супраціўляцца або дастасавацца да свецкага ладу жыцця свайго часу, Арсіні ўзрошчваў у сабе мару стаць пастырам статку, ператвараючы такім чынам унутраны супраціў у магчымасць. Ён разумеў, што Божы Провід дае яму нагоду стаць паслухмяным інструментам для адраджэння Касцёла душаў», — заўважыў Святы Айцец, нагадаўшы, што ў далейшым П’етро Франчэско Арсіні не шкадаваў сіл дзеля духоўнага абнаўлення духавенства і вернікаў дыяцэзій, давераных яго пастырскай апецы.

Надзелены «дальнабачным розумам» і «высокай культурай», ён вылучаўся перадусім «сваім пастырскім клопатам і дабрынёй сэрца», — напісаў Папа Францішак, выказаўшы пажаданне, каб гэтая духоўная спадчына змагла адрадзіць у вернікаў італьянскай дыяцэзіі Гравіна такую самую любоў, якую іх выбітны зямляк меў да Касцёла і бедных, абуджаючы пачуцці поўнага любові спачування да бліжняга.

Пры выкарыстанні матэрыялаў Catholic.by спасылка абавязковая. Калі ласка, азнаёмцеся з умовамі выкарыстання

Дарагія чытачы! Catholic.by — некамерцыйны праект, існуе за кошт ахвяраванняў і дабрачыннай дапамогі. Мы просім падтрымаць нашу дзейнасць. Ці будзе наш партал існаваць далей, у значнай ступені залежыць ад вас. Шчыра дзякуем за ахвярнасць, молімся за ўсіх, хто нас падтрымлівае.

. . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . .
Папа Францішак

Бог заўсёды чакае нас.
Ён ніколі не губляе надзеі і заўсёды прабывае побач.