29 студзеня споўнілася 80 гадоў нігерыйскаму кардыналу Джону Аларунфэмі Анаіекану, арцыбіскупу эмэрыту Абуджы, і цяпер колькасць кардыналаў-выбаршчыкаў складае 131.
Такім чынам, афрыканскі іерарх ужо не зможа браць удзел у магчымым канклаве, бо абмежаванне ўзросту кардыналаў-выбаршчыкаў складае 80 гадоў.
Кардынал Анаіекан стаў першым кардыналам, якому сёлета споўнілася 80, а да канца года гэтага ўзросту дасягнуць яшчэ 11 членаў кардынальскай калегіі.
У лютым 80-годдзе адзначаць двое лацінаамерыканскіх кардыналаў: арцыбіскуп Уанкаё ў Перу Пэдро Рыкардо Барэта Хімэна SI і біскуп дыяцэзіі Давіда ў Панаме кардынал Хасэ Луіс Лакунса Маэстрахуан OAR, а ў красавіку яшчэ двое кардыналаў — Апостальскі вікарый В’енцьяна ў Лаосе Луі-Мары Лінг Мангкханэкхоўн IVD і былы Прэфект Дыкастэрыі веравучэння іспанскі кардынал Луіс Франсіско Ладарыя Фэрэр SI. Таксама двое кардыналаў адзначаць 80-ы дзень нараджэння ў чэрвені. Гэта былы Прэфект дыкастэрыі па справах біскупаў кардынал Марк Арман Уэле PSS і арцыбіскуп Бостанскі са Злучаных Штатаў Амерыкі кардынал Шон Патрык О’Мэллі OFMCap.
У жніўні 80 гадоў споўніцца арцыбіскупу эмэрыту Дар-эс-Саламскаму з Танзаніі кардыналу Палікарпу Пэнга, а ў верасні яшчэ двум іерархам: Вялікаму пэнітэнцыярыю кардыналу Маўро П’ячэнца з Італіі і арцыбіскупу эмэрыту Бардо з Францыі кардыналу Жану-П’еру Бэрнару Рыкару.
У кастрычніку 80-годзе адзначыць арцыбіскуп Каракаса з Венесуэлы кардынал Бальтазар Энрыкэ Порас Кардоса. Нарэшце, у снежні па 80 гадоў споўніцца арцыбіскупу Бамбейскаму з Індыі кардыналу Освальду Грасіясу і арцыбіскупу эмэрыту Найробі з Кеніі кардыналу Джону Нджуэ.
Сёння ў кардынальскую калегію ўваходзяць 239 кардыналаў, сярод якіх 131 выбаршчык і 108 не маюць права ўдзелу ў канклаве.
Васьмёра з выбаршчыкаў былі ўзведзены ў кардынальскую годнасць яшчэ Янам Паўлам ІІ, 27 — яго наступнікам Бэнэдыктам XVI, а 96 — Папам Францішкам. Сярод 108-і членаў Калегіі кардыналаў, якія не маюць права голасу, 36 былі менаваныя Янам Паўлам ІІ, 37 — Бэнэдыктам XVI і 35 — Папам Францішкам.
Трыма найстарэйшымі па ўзросце кардыналамі з’яўляюцца Аляшандры ду Нашымэнту з Анголы, які нарадзіўся 1 сакавіка 1925 года, аргентынец харвацкага паходжання Эстаніслао Естэбан Карліч, які нарадзіўся 7 лютага 1926 года і Эмануэль Ўамала з Уганды, які нарадзіўся 15 снежня 1926 года. Трое наймалодшых кардыналаў гэта італьянец Джорджо Марэнга, які нарадзіўся 7 чэрвеня 1974 года і нясе служэнне ў Манголіі, партугалец Амэрыку Мануэл Алвэш Агіяр, які нарадзіўся 12 снежня 1973 года, і француз Франсуа-Ксаўе Бусціё OFMConv, які нарадзіўся 23 лістапада 1968 года.
Найдаўжэйшы стаж у Калегіі кардыналаў маюць сёння двое іерархаў: кардынал Майкл Мічаі Кітбунчу з Тайланда і згаданы ўжо вышэй ангольскі кардынал Аляшандры ду Нашымэнту. У кардынальскую годнасць іх узвёў 2 лютага 1983 года Папа Ян Павел ІІ.