24 студзеня падчас аўдыенцыі для кардынала Марчэло Сэмэрара, прэфекта Дыкастэрыі па справах кананізацыі, Папа Францішак ўпаўнаважыў ведамства абнародаваць новыя дэкрэты.
Пра гэта паведамляе Беларуская рэдакцыя парталу Vatican News.
У адным з дэкрэтаў паведамляецца аб прызнанні цуда праз заступніцтва канадскай законніцы, благаслаўлёнай Лары-Леані Парадзі (свецкае імя Аладзі Вірджыні, 1840–1912). Яна з’яўляецца заснавальніцай жаночай манаскай кангрэгацыі Малых Сясцёр Святой Сям’і, місія якой заключаецца ў аказанні матэрыяльнай і духоўнай дапамогі духавенству праз працу на плябаніях, у калегіумах і духоўных семінарыях.
Іншы дэкрэт тычыцца прызнання мучаніцтва польскага святара, ксяндза Міхала Рапача (1904–1946), забітага з нянавісці да веры ў перыяд устанаўлення камуністычнай дыктатуры ў Польшчы. Нягледзячы на пагрозы і небяспеку, ён працягваў рупліва выконваць душпастырскія абавязкі ў вёсцы Плокі на поўдні Польшчы, выказваючы гатоўнасць нават ахвяраваць жыццём за вернасць Хрысту і Касцёлу. Увечары 11 мая 1946 года яго выкралі ўзброеныя прыхільнікі камуністычнай ідэалогіі і жорстка забілі ў адным з бліжэйшых лясоў.
Наступныя дэкрэты датычацца прызнання гераічнасці цнот чатырох Слугаў Божых. У першую чаргу гаворка ідзе пра армянскага капуцына, біскупа Гюрэха Аванэса Зарабяна (1881–1972), якога многія армянскія вернікі лічылі святым яшчэ пры жыцці. Гэты пастыр шмат рупіўся пра армянаў у Турцыі, Грэцыі, Сірыі і Італіі, атуляючы клопатам моладзь, якая страціла бацькоў падчас генацыду, дапамагаючы сваім суайчыннікам, якія апынуліся на чужбіне, адкрываючы для іх дзверы манастыроў, засноўваючы школы, касцёлы і дамы для духавенства.
Яшчэ адным дэкрэтам Дыкастэрыі па справах кананізацыі была прызнана гераічнасць цнот італьянскага капуцына, айца Джанфранко Марыі Кіці (1921–2004), які прайшоў цярністы жыццёвы шлях ад ўдзельніка Другой сусветнай вайны на баку фашысцкай Італіі і некаторых іншых ваенных кампаній да душпастыра і вайсковага капелана.
Святы Пасад таксама прызнаў гераічнасць цнот іспанскага дыяцэзіяльнага святара, ксяндза Себасцьяна Гілі Вівэса (1811–1894), вядомага сваім бясстрашным клопатам пра дзяцей і бедных падчас эпідэміі халеры, глыбокім малітоўным жыццём і распаўсюджваннем культа Найсвяцейшага Сэрца Езуса.
Апошні дэкрэт, які распарадзіўся абнародаваць Папа Францішак, датычыцца італьянскай закоонніцы Маддалены ад святой Тэрэзы ад Дзіцятка Езуса (свецкае імя Маддалена Роза Вальпата, 1918–1946) з кангрэгацыі Дачок Касцёла. Яе нядоўгае жыццё было пазначана цяжкімі хваробамі і малітвай. Незадоўга да смерці сястра Мадалена ахвярала сябе Богу, горача просячы аб адзінстве паміж хрысціянамі.