24 кастрычніка Ватыканскі тэлевізійны цэнтр (сёння Vatican Media) адзначыў сваё 40-годдзе.
Пра гэта паведамляе Беларуская рэдакцыя парталу Vatican News.
«Гэта была вялікая інтуіцыя Яна Паўла ІІ, які хацеў, каб Ватыкан меў інструмент візуальнай камунікацыі»,
— падзяліўся ксёндз Федэрыка Ламбардзі, шматгадовы кіраўнік установы.
Да гэтага Святы Пасад карыстаўся паслугамі італьянскага грамадскага тэлебачання RAI.
Ксёндз Федэрыка асаблівым чынам згадвае дзве перадачы ватыканскага тэлебачання: апошні Крыжовы шлях, у якім удзельнічаў ужо вельмі хворы Ян Павел ІІ і пералёт Бэнэдыкта XVI з Ватыкана ў Кастэль Гандольфа, які завяршыў яго пантыфікат.
«Самым моцным уражаннем для мяне было суправаджэнне Ватыканскім тэлевізійным цэнтрам апошняга этапу хваробы Яна Паўла II, а затым яго смерць і канклаў, з якога пачаўся пантыфікат Бэнэдыкта. На працягу многіх гадоў мы таксама фіксавалі на відэа дзейнасць Яна Паўла ІІ, якога мы вельмі любілі і за якім назіраў увесь свет. Але з відавочнымі прыкметамі пачатку хваробы, гэта стала вельмі адказна. Супрацоўнікі тэлецэнтра напружана перажывалі гэтыя хвіліны, адчувалі адказнасць за тое, каб праўдзіва і паважліва паказаць свету чалавека, якога ўсе любілі, які быў вельмі значны для ўсяго чалавецтва, пры яго фізічнай слабасці. Ян Павел ІІ хацеў заставацца Папам і актыўна ўдзельнічаць у жыцці Касцёла. (...) Гэта была вельмі складаная задача, і я памятаю, што ў тыя гады я з вялікай павагай ставіўся да тэлевізійшчыкаў за тое, як яны выконвалі гэтую задачу», — прызнаўся езуіт.
З рэформай Папы Францішка Ватыканскі тэлевізійны цэнтр быў аб’яднаны з іншымі медыйнымі ўстановамі Дыкастэрыі па камунікацыі.