
З 2 па 5 сакавіка ў Парыжы адбылася Еўрапейская сустрэча «Радыё Марыя», у якой прынялі ўдзел прадстаўнікі розных краін. Сярод удзельнікаў былі і прадстаўнікі «Радыё Марыя Беларусь».
Сёння «Радыё Марыя» дзейнічае на пяці кантынентах — больш чым у 85 краінах свету, а вяшчанне вядзецца на 125 мовах.
У гэтым годзе «Радыё Марыя Беларусь» адзначае 10-годдзе свайго вяшчання.
Падчас сустрэчы адбыўся абмен досведам паміж прадстаўнікамі каталіцкіх радыёстанцый. Удзельнікі разважалі над сучаснымі выклікамі, якія паўстаюць перад евангелізацыйнай місіяй каталіцкіх медыя, а таксама дзяліліся душпастырскім і медыйным досведам.
Сустрэча суправаджалася супольнай малітвай і ўдзелам у святой Імшы. 3 сакавіка ўдзельнікі сабраліся на Эўхарыстыю ў санктуарыі Маці Божай Цудоўнага медаліка на вуліцы Ру-дзю-Бак — месцы аб’яўленняў Маці Божай святой Кацярыне Лябурэ ў XIX стагоддзі.
4 сакавіка святая Імша для ўдзельнікаў сустрэчы была цэлебравана ў саборы Нотр-Дам, які пасля пажару 2019 года быў адноўлены і зноў адкрыты для вернікаў.



















