Пошук

16.10.2023 14:27   Паводле: КАІ / Catholic.by
Фота: Vittoriano Rastelli / Corbis / Getty Images

45 гадоў таму, 16 кастрычніка 1978 года, польскі кардынал Караль Вайтыла, тагачасны Мітрапаліт Кракаўскі, быў выбраны Папам, прыняўшы імя Ян Павел ІІ.

Як адзначае з нагоды гадавіны абрання Каталіцкае інфармацыйнае агенцтва КАІ, некаторыя блізкія знаёмыя кардынала Вайтылы лічылі, што яго не зусім звычайныя паводзіны ў дні перад канклавам, у тым ліку асаблівая засяроджанасць і маўклівасць, маглі сведчыць пра тое, што ён, магчыма, прадчуваў тое, што павінна было адбыцца неўзабаве.

Непасрэдны папярэднік Яна Паўла ІІ на пасадзе святога Пятра быў італьянскі кардынал Альбіно Лучані, Папа Ян Павел І, пантыфікат якога доўжыўся ўсяго 33 дні. Ён раптоўна памёр у Ватыкане пры нявысветленых акалічнасцях 28 верасня 1978 года.

Калі раніцай 29 верасня 1978 года Кракаўскі Мітрапаліт Вайтыла даведаўся пра нечаканую смерць Папы Лучані, то, глыбока ўзрушаны, сказаў:

«Неспасцігальныя прысуды Божыя, схіляем перад імі галаву».

Апошнюю ноч перад выездам на пахаванне Яна Паўла І і канклаў будучы Папа правёў у доме для гасцей сясцёр уршулянак у Варшаве. У тым жа доме жыў вядомы спецыяліст па гісторыі філасофіі Стэфан Свяжаўскі, шматгадовы сябра Караля Вайтылы. Пазней ён узгадваў: «Быў вельмі маўклівым. Мы развіталіся без словаў. Я бачыў, што яму не хочацца нічога казаць. А ён ужо ведаў…»

Перад канклавам, на якім яго выбралі Папам, кардынал Караль Вайтыла жыў у Папскім польскі калегіуме ў Рыме. На світанні 14 кастрычніка 1978 года ён цэлебраваў Імшу ў капліцы калегіума, а ў другой палове дня паехаў на машыне на канклаў. Ён паспеў туды, як кажуць, «упрытык», бо па дарозе наведаў у клініцы Джэмэллі свайго хворага сябра, біскупа Дэскура. У Сікстынскую капэлу ён увайшоў апошнім, і варта зазначыць, што пасля таго, як брамы туды будуць зачынены, усярэдзіну больш ніхто не можа трапіць, нават кардыналы.

Кардынал Караль Вайтыла быў выбраны Папам у панядзелак 16 кастрычніка, на другі дзень канклава. Белы дым, які з’яўляецца знакам таго, што новы Папа абраны, з’явіўся над Сікстынскай капэлай у 18.18.

Кракаўскі Мітрапаліт стаў 262 наступнікам святога Пятра. Апошняя нататка, якую ён пакінуў у «Кнізе біскупскіх спраў», якую вёў, была кароткай: «Каля 17.15 — Ян Павел ІІ».

Пры выкарыстанні матэрыялаў Catholic.by спасылка абавязковая. Калі ласка, азнаёмцеся з умовамі выкарыстання

Дарагія чытачы! Catholic.by — некамерцыйны праект, існуе за кошт ахвяраванняў і дабрачыннай дапамогі. Мы просім падтрымаць нашу дзейнасць. Ці будзе наш партал існаваць далей, у значнай ступені залежыць ад вас. Шчыра дзякуем за ахвярнасць, молімся за ўсіх, хто нас падтрымлівае.

. . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . .
Папа Францішак

Дух хоча жыць у нас –
мы пакліканы да вечнага жыцця