Пошук

19.05.2023 11:11   Паводле: Il Sismografo / Catholic.by
Ілюстрацыйная выява. Фотакалаж: Il Sismografo

У СМІ шырока абмяркоўваецца ініцыятыва Святога Пасаду па мірным урэгуляванні ва Украіне, пра што неаднаразова выказваўся Папа Францішак.

18 мая без указання крыніцы аўтарытэтны інфармацыйны рэсурс Il Sismografo паведаміў, што для рэалізацыі гэтай мірнай ініцыятывы ў Кіеў і ў Маскву скіруюцца спецпасланнікі Святога Айца.

Паводле рэсурса, у сталіцу Украіны паедзе Старшыня Канферэнцыі Епіскапату Італіі кардынал Матэо Дзупі, арцыбіскуп Балонскі, а ў сталіцу Расійскай Федэрацыі — Прэфект Дыкастэрыі па справах Усходніх Касцёлаў арцыбіскуп Клаўдыё Гуджэроцці.

Il Sismografo сцвярджаае, што прэзідэнты абедзвюх краін незалежна адзін ад аднаго выказалі згоду сустрэцца са спецыяльнымі пасланнікамі Папы Францішка для абмеркавання і дасягнення перамір’я. Аднак пры гэтым адзначаецца, што папярэднія пытанні вельмі складаныя і пакуль прагрэс уяўляецца вельмі абмежаваным.

Між тым Прэс-служба Святога Пасаду не рабіла афіцыйнай заявы і ніяк не каментуе гэтую інфармацыю.

За дзень да гэтага, 17 мая, на саміце каіраўнікоў дзяржаў і ўрадаў Рады Еўропы, які праходзіў у Рэйк’явіку (Ісландыя), Дзяржаўны сакратара Яго Святасці кардынал П’етро Паралін сказаў: «Разам з Папам Францішкам мы павінны запытацца, разам з Украінай, як дасягнуць міру: мы не можам пасіўна згадзіцца на тое, каб агрэсіўная вайна працягвалася ў гэтай краіне. Украінскі народ памірае і пакутуе.

Настаў час праявіць ініцыятыву, каб дасягнуць справядлівага міру ва Украіне і ва ўсіх так званых „шэрых зонах“ у Еўропе. Гарантую вам, што Святы Пасад працягне рабіць свой унёсак», — сказаў найбліжэйшы супрацоўнік Святога Айца.

Абноўлена 19.05.2023 13:07
Пры выкарыстанні матэрыялаў Catholic.by спасылка абавязковая. Калі ласка, азнаёмцеся з умовамі выкарыстання

Дарагія чытачы! Catholic.by — некамерцыйны праект, існуе за кошт ахвяраванняў і дабрачыннай дапамогі. Мы просім падтрымаць нашу дзейнасць. Ці будзе наш партал існаваць далей, у значнай ступені залежыць ад вас. Шчыра дзякуем за ахвярнасць, молімся за ўсіх, хто нас падтрымлівае.

. . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . .
Папа Францішак

Спагадлівасць - гэта праява Божай
Міласэрнасці, адзін з сямі дароў Святога Духа