10 і 11 мая ў Рыме праходзіла пасяджэнне XV Звычайнай рады Генеральнага Сакратарыяту Сіноду Біскупаў, на якім быў абмеркаваны Instrumentum laboris — працоўны дакумент для ўдзельнікаў першай сесіі XVI Генеральнай Асамблеі Сіноду Біскупаў, што пройдзе з 4 па 29 кастрычніка ў Ватыкане.
У звычайную раду ўваходзяць прадстаўнікі Касцёла з розных частак свету, якія былі абраныя на папярэдняй Генеральнай Асамблеі і таксама возьмуць удзел у наступнай.
Як паведаміла ў спецыяльным камюніке Прэс-служба Сіноду, на пленарным пасяджэнні і ў моўных працоўных групах члены Рады разам з некалькімі кансультантамі разгледзелі, дапрацавалі і зацвердзілі Instrumentum laboris, публікацыя якога запланавана на пачатак чэрвеня.
Акрамя таго, удзельнікі зацвердзілі методыку правядзення Асамблеі. Праца, у прыватнасці, уключала ў сябе разважанні над падрыхтоўкай удзельнікаў і інфармацыю адносна Экуменічнага малітоўнага чування, якое адбудзецца 30 верасня ў межах ініцыятывы Together2023, а таксама духоўных практыкаванняў для ўдзельнікаў Асамблеі, што пройдуць з 1 па 3 кастрычніка.