Пошук

28.04.2023 09:48   Catholic.by
Фота: Vatican News

28 красавіка каля 8-й гадзіны раніцы па цэнтральнаеўрапейскім часе самалёт з Папам Францішкам на борце вылецеў з рымскага аэрапорту Ф’юмічына і ўзяў курс на сталіцу Венгрыі Будапешт.

Святы Айцец распачаў сваё 41-е замежнае Апостальскае падарожжа, якое за два дні да гэтага даручыў апецы Маці Божай падчас традыцыйнай малітвы ў рымскай базыліцы Святой Марыі Вялікай. Дэвіз пілігрымкі: «Хрыстус — наша будучыня»

З 28 па 30 красавіка Папа Францішак будзе знаходзіцца ў Венгрыі, дзе правядзе шэраг сустрэч. Уся праграма яго Апостальскага візіту пройдзе ў сталіцы краіне Будапешце.

Пасля двухгадзіннага пералёту распачнецца афіцыйная цырымонія прывітання перад сталічным Палацам Шандара, рэзідэнцыяй кіраўніка дзяржавы, а потым Папа сустрэнецца там з прэзідэнтам і прэм’ер-міністрам Венрыі, якая з’яўляецца парламенцкай рэспублікай.

Апоўдні Пантыфік скіруецца ў былы кармэліцкі кляштар у Будапешце, дзе звернецца з прамовай да прадстаўнікоў уладаў, грамадзянскай супольнасці і дыпламатычнага корпусу. Увечары адбудзецца сустрэча Папы з мясцовымі біскупамі, святарамі, дыяканамі, кансэкраванымі асобамі, семінарыстамі і душпастырскімі работнікамі, якая пройдзе ў сталічным конкатэдральным касцёле святога Стэфана.

У суботу раніцай Святы Айцец наведае з прыватным візітам дзяцей, якія атрымліваюць дапамогу ў цэнтры імя благаслаўлёнага Ласла Бацьяні-Штратмана, пасля чаго ў касцёле святой Альжбеты Венгерскай сустрэнецца з беднымі і бежанцамі. Апоўдні ён наведае грэка-каталіцкую супольнасць у царкве Апекі Маці Божай, а ў другой палове дня ў спартовым комплексе пройдзе сустрэча Пантыфіка з венгерскай моладдзю. Увечары Папа, які належыць да Таварыства Езуса, традыцыйна правядзе ў нунцыятуры прыватную сустрэчу з мясцовымі езуітамі.

30 красавіка, у нядзелю Добрага пастыра, Папа Францішак у 9.30 па мясцовым часе ўзначаліць цэлебрацыю святой Імшы на плошчы Лаяша Кошута і прамовіць гамілію, а пасля Эўхарыстыі правядзе малітву «Уладарка неба», якая ў Велікодны перыяд прамаўляецца замест «Анёл Панскі».

Апошнім пунктам праграмы Апостальскага падарожжа Папы Францішка ў Венрыю стане яго сустрэча ў другой палове дня з прадстаўнікамі ўніверсітэцкага свету і дзеячамі культуры на факультэце інфарматыкі і біёнікі Каталіцкага ўніверсітэта імя Пэтэра Пазманя. Адтуль Святы Айцец скіруецца ў аэрапорт, адкуль, пасля цырымоніі развітання, вылеціць у Рым.

Сачыць за Апостальскім падарожжам Папы Францішка ў Венгрыю можна анлайн на YouTube канале Vatican Media.

Абноўлена 28.04.2023 10:17
Пры выкарыстанні матэрыялаў Catholic.by спасылка абавязковая. Калі ласка, азнаёмцеся з умовамі выкарыстання

Дарагія чытачы! Catholic.by — некамерцыйны праект, існуе за кошт ахвяраванняў і дабрачыннай дапамогі. Мы просім падтрымаць нашу дзейнасць. Ці будзе наш партал існаваць далей, у значнай ступені залежыць ад вас. Шчыра дзякуем за ахвярнасць, молімся за ўсіх, хто нас падтрымлівае.

. . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . .
Папа Францішак

Спагадлівасць - гэта праява Божай
Міласэрнасці, адзін з сямі дароў Святога Духа