Пошук

31.03.2023 10:51   Vatican News
Фота: Daniel Ibanez / CNA

Падчас агульнай аўдыенцыі, якая 29 сакавіка прайшла на плошчы святога Пятра ў Ватыкане, Папа Францішак працягнуў катэхетычны цыкл, прысвечаны апостальскаму запалу, прапанаваўшы гэтым разам звярнуць увагу на «самага першага сведку» евангельскай руплівасці — апостала Паўла.

«Напачатку ён быў старанным юдэем, які імкнуўся знішчыць Касцёл, але потым, дзякуючы сустрэчы з Уваскрослым Хрыстом, перамяніўся ў рупліўца Евангелля», — нагадаў Святы Айцец, са зместам катэхезы якога знаёміць Беларуская рэдакцыя парталу Vatican News.

Папа Францішак заўважыў, што Паўла перамяніла не ідэя ці перакананне, але менавіта сустрэча з Панам. Ён падкрэсліў таксама, што чалавечая сутнасць Паўла, яго гарачая любоў да Бога і Яго хвалы не былі знішчаны, але пераменены, «навернуты Святым Духам».

«Адзіны, хто можа змяняць нашыя сэрцы — гэта Святы Дух», — дадаў Пантыфік, параўнаўшы перамяненне Паўла з тым, што адбываецца ў Эўхарыстыі: «Хлеб і віно не знікаюць, але становяцца Целам і Крывёю Хрыста. Руплівасць Паўла засталася, але стала руплівасцю Хрыстовай».

Святы Айцец асаблівым чынам падкрэсліў, што апостальскі запал у справе евангелізацыі — гэта не пытанне разумення ці вывучэння тэалогіі: яны вельмі карысныя, але не нараджаюць руплівасці і новага жыцця. Навяртанне прадугледжвае досвед «грэхападзення і ўваскрасення», які спазнаў Павел і які ляжаў у аснове перамянення яго апостальскага энтузіязму. Неабходна ўнутраная перамена, глыбокая перамена сэрца, якая адбываецца ў выніку асабістай сустрэчы з Панам і робіць «новымі стварэннямі»: менавіта так стала са святым Паўлам і многімі іншымі святымі, якія, сустрэўшы Хрыста, паспяшаліся несці Яго іншым.

Папа звярнуў увагу на парадаксальнасць перамен, што адбыліся ў святым Паўле:

«Пакуль ён лічыў сябе праведным перад Богам, ён адчуваў сябе ў праве пераследаваць, арыштоўваць, нават забіваць, як у выпадку са Стэфанам. Але калі, прасветлены Уваскрослым Панам, ён убачыў, што быў „блюзнерцам, пераследнікам і крыўдзіцелем“ (пар. 1 Цім 1,13), тады атрымаў здольнасць па-сапраўднаму любіць».

Пантыфік заклікаў вернікаў дазволіць, каб Пан перамяніў іх, падкрэсліўшы, што чалавек, які знайшоў Езуса, адчувае полымя ў сэрцы і як Павел пачынае прапаведваць Хрыста, дапамагаць людзям і рабіць добрыя ўчынкі. Без сустрэчы з Панам чалавек застаецца ўсяго толькі «ідэолагам хрысціянства». «Няхай Пан дапаможа нам знайсці Езуса, сустрэць Езуса і няхай Езус зменіць нашае жыццё і дазволіць дапамагаць іншым», — пажадаў на заканчэнне сваёй катэхезы Святы Айцец.

Абноўлена 31.03.2023 10:52
Пры выкарыстанні матэрыялаў Catholic.by спасылка абавязковая. Калі ласка, азнаёмцеся з умовамі выкарыстання

Дарагія чытачы! Catholic.by — некамерцыйны праект, існуе за кошт ахвяраванняў і дабрачыннай дапамогі. Мы просім падтрымаць нашу дзейнасць. Ці будзе наш партал існаваць далей, у значнай ступені залежыць ад вас. Шчыра дзякуем за ахвярнасць, молімся за ўсіх, хто нас падтрымлівае.

. . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . .
Папа Францішак

Спагадлівасць - гэта праява Божай
Міласэрнасці, адзін з сямі дароў Святога Духа