Пошук

24.03.2023 10:34   Catholic.by

Фота: Justyna Grzyb / radiomaryja.pl
Фота: Justyna Grzyb / radiomaryja.pl

У сераду 22 сакавіка Папа Францішак благаславіў яшчэ адзін звон «Голас ненароджаных», які польскі фонд «Так жыццю» перадасць у Замбію.

Звярнуўшыся ў той жа дзень падчас агульнай аўдыенцыі да прысутных на ватыканскай плошчы Святога Пятра палякаў на іх роднай мове, Святы Айцец сказаў: «У бліжэйшую суботу мы будзем адзначаць урачыстасць Звеставання Пана. У вашай айчыне гэта таксама Дзень святасці жыцця. Як сімвал неабходнасці абароны чалавечага жыцця ад зачацця да натуральнай смерці, фонд Życiu tak («Так жыццю») перадае ў Замбію звон „Голас ненароджаных“, які я благаславіў сёння раніцай.

Няхай яго гук нясе пасланне пра тое, што кожнае жыццё — святое, кожнае жыццё — недатыкальнае», — падкрэсліў Папа Францішак.

Гэты звон стаў ужо чацвёртым, які Святы Айцец благаславіў па ініцыятыве фонду «Так жыццю». Кожны з іх важыць тону, і пасля благаслаўлення яны трапляюць у вызначаныя месцы ў розных кутках свету. Упершыню гук гэтых званоў разносіцца на ватыканскай плошчы Святога Пятра: падчас благаслаўлення Папа сімвалічна сам ударае ў звон.

Званы «Голас ненароджаных» ужо ёсць у Польшчы, Украіне, Эквадоры і цяпер у Замбіі. Наступныя могуць быць зроблены для Францыі, Мексікі і Нікарагуа.

У сёлетнім Пастырскім лісце каталіцкіх біскупаў Беларусі на Дзень святасці жыцця, які ў нашай краіне таксама адзначаецца ва ўрачыстасць Звеставання Пана, ўзгадваецца благаслаўленне папярэдніх званоў у кастрычніку 2021 года і сказаныя пры гэтым словы Папы Францішка: «Даручаю вашай малітве кожнае зачатае дзіцё, чыё жыццё, дадзенае Богам, — святое і недатыкальнае».

Абноўлена 24.03.2023 10:35
Пры выкарыстанні матэрыялаў Catholic.by спасылка абавязковая. Калі ласка, азнаёмцеся з умовамі выкарыстання

Дарагія чытачы! Catholic.by — некамерцыйны праект, існуе за кошт ахвяраванняў і дабрачыннай дапамогі. Мы просім падтрымаць нашу дзейнасць. Ці будзе наш партал існаваць далей, у значнай ступені залежыць ад вас. Шчыра дзякуем за ахвярнасць, молімся за ўсіх, хто нас падтрымлівае.

. . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . .
Папа Францішак

Дух хоча жыць у нас –
мы пакліканы да вечнага жыцця