Пошук

24.03.2023 09:20   Catholic.by

«Даручаю вашай малітве кожнае зачатае дзіцё, чыё жыццё, дадзенае Богам, — святое і недатыкальнае»
(Папа Францішак, Агульная аўдыенцыя 27 кастрычніка 2021 г.).

Шаноўныя браты ў святарстве, кансэкраваныя асобы, умілаваныя ў Хрысце Пану сёстры і браты!

27 кастрычніка 2021 года Папа Францішак благаславіў званы, якія маюць імя «Голас ненароджаных». Святы Айцец першы сімвалічна ўдарыў у гэтыя званы, выказаўшы пры гэтым такое пажаданне: «Няхай іх гучанне абвяшчае свету Евангелле жыцця, абуджае сумленні і памяць пра ненароджаных. Даручаю вашай малітве кожнае зачатае дзіцё, чыё жыццё, дадзенае Богам, — святое і недатыкальнае» (Папа Францішак, Агульная аўдыенцыя 27 кастрычніка 2021 г.).

Сёння, за дзевяць месяцаў да Божага Нараджэння, мы адзначаем урачыстасць Звеставання Пана, якая адначасова з’яўляецца Днём святасці жыцця.

Марыя, прыняўшы Божае Слова, стала пакорнаю Слугою, новай Евай, якая праз паслухмянасць стала Маці новага чалавецтва. Бо менавіта з гэтага моманту пачаў здзяйсняцца Божы план збаўлення, у якім Марыя будзе мець сваё месца. Фінальнай часткай гэтага плану збаўлення стане прыніжэнне Божага Сына на крыжы і Яго ўзвышэнне праз Уваскрасенне. Але перш, чым гэта адбудзецца, споўняцца словы прарока Ісаі, што прадказаў прыйсце Эмануэля, якога зачне і народзіць Дзева. Пасланне да Габрэяў паказвае, што Божы Сын, якім ёсць Езус Хрыстус, прыносіць дабравольную ахвяру, становячыся чалавекам, прымаючы чалавечае цела, становіцца смяротным, і такім чынам спаўняецца Божая воля, якою ёсць збаўленне чалавека.

Сёння мы захапляемся гэтай сцэнай Звеставання, якая выяўляе Божы план збаўлення. Мы захапляемся тым, як трымае сябе Марыя — маладая габрэйская дзяўчына, якая паходзіць з мала каму вядомага мястэчка Назарэт. Ні Яе ўзрост, ані паходжанне не сталі для Яе перашкодаю, каб бязмежна даверыцца Богу; каб здзейснілася тое, што Бог прадказаў каралю Давіду, што ягоны нашчадак будзе сядзець на троне і гэты нашчадак будзе для Бога Сынам. Цяпер Бог пачынае выконваць абяцанне, і Яе Сын будзе названы Сынам Найвышэйшага і сядзе на троне свайго продка Давіда.

Мы захапляемся таксама тою прастатою, з якою Марыя падпарадкоўваецца Божай волі. Усведамляючы, што з-за гэтага плану Яе могуць абвінаваціць у непрыстойных паводзінах, за што пагражала нават каменаванне, Марыя сказала слова fiat — «няхай мне станецца паводле твайго слова».

А сёння, праз две тысячы гадоў пасля Нараджэння Хрыста, чалавек адважваецца сцвярджаць, нібы Бога няма, а нават калі і ёсць, то Ён зусім не цікавіцца чалавекам. «Паколькі мы не ўяўляем інтарэсу для Бога, то і Ён нам зусім не патрэбны», — скажуць іншыя. Можна сустрэць і такіх хрысціянаў, якія, давяраючы ўласнаму розуму, дапускаюць існаванне Бога, але Яго абяцанні і запэўненні лічаць неабходным ацэньваць сваім розумам.

Між тым стаўленне Марыі заклікае нас да поўнага даверу, ад пачатку да канца, у кожнай справе, якая патрабуе такога даверу.

Сёння мы думаем асабліва пра тых, хто стаіць перад дылемай: ці дазволіць нарадзіцца свайму дзіцяці, ці пайсці на яго знішчэнне; ці выбраць Евангелле жыцця, ці асудзіць на смерць.

Трэба, каб усе яны пачулі, як гучыць звон «Голас ненароджаных», і каб яго гук абудзіў сумленнне тых, хто распараджаецца жыццём ненароджаных дзяцей. Гук гэтага звона «абвяшчае свету Евангелле жыцця, абуджае сумленні і памяць пра ненароджаных. Даручаю вашай малітве кожнае зачатае дзіцё, чыё жыццё, дадзенае Богам, — святое і недатыкальнае» (гл. вышэй)

Паслухмяныя закліку Святога Айца Папы Францішка, мы ў чарговы раз распачынаем знаёмае ўжо многім з нас «Духоўнае ўсынаўленне» — малітву за ненароджанае дзіцятка, якому пагражае небяспека смерці. «Духоўнае ўсынаўленне» — гэта дадзенае Богу абяцанне, якое заключаецца ў малітоўным абавязку, прынятым на сябе канкрэтнай асобай у інтэнцыі захавання жыцця дзіцяці, якое знаходзіцца ў небяспецы ва ўлонні маці, а таксама справядлівага і праведнага жыцця пасля нараджэння дзіцяці, імя якога вядомае толькі Богу. Сутнасць «Духоўнага ўсынаўлення» заключаецца ў штодзённай спецыяльнай малітве ў інтэнцыі гэтага дзіцяці і яго бацькоў і адной з таямніц святога Ружанца, а таксама ў дабравольна здзейсненых рэлігійных практыкаваннях, такіх як святая Камунія, пост, актыўная падтрымка дабрачынных спраў. Ёсць яшчэ адно вымярэнне «Духоўнага ўсынаўлення»: абяцанне, дадзенае Богу, мае вялікую духоўную каштоўнасць для самога чалавека, які яго дае, паколькі яно ўмацоўвае яго ўнутрана, больш мабілізуе на руплівае хрысціянскае жыццё, паглыбляе сувязь чалавека з Богам.

Заахвочваем да гэтай малітвы ўсіх, для каго чалавечае жыццё — гэта святы дар, дадзены чалавеку Богам. Неабходна, каб усе маліліся разам, духавенства і свецкія вернікі, бо «культура жыцця — гэта спадчына, якой хрысціяне жадаюць дзяліцца з усімі. Кожнае чалавечае жыццё, адзінае і непаўторнае, — бясцэннае. Гэта павінна адважна абвяшчацца зноў і зноў у словах і справах» (Папа Францішак, Twitter, 29 студзеня 2021 г.). Гэта — пакліканне Касцёла, а значыць усіх нас, якія да яго належым.

Просім «Бога, каб абудзіў у сэрцах усіх людзей павагу да жыцця нашых братоў, асабліва найслабейшых і безабаронных, і даў сілы тым, хто яго прымае і клапоціцца пра яго нават тады, калі гэта патрабуе гераічнай любові» (Папа Францішак, Агульная аўдыенцыя 28 кастрычніка 2020 г.).

На высілак трывалай малітвы і велікапосных практыкаванняў, а таксама на дзейнасць дзеля абароны жыцця дзіцяці, якое знаходзіцца ў небяспецы, ад усяго сэрца ўсіх вас благаслаўляем.

Каталіцкія біскупы Беларусі 

Мінск, 6 сакавіка 2023 г.

Алег Буткевіч
Біскуп Віцебскі
Старшыня Канферэнцыі Каталіцкіх біскупаў у Беларусі

Антоні Дзям’янка
Біскуп Пінскі
Старшыня Рады па справах сям’і пры ККББ

P.S. Гэты Пастырскі ліст неабходна прачытаць ва ўрачыстасць Звеставання Пана 25 сакавіка 2023 г. падчас усіх святых Імшаў з удзелам вернікаў ва ўсіх касцёлах Беларусі.

Пры выкарыстанні матэрыялаў Catholic.by спасылка абавязковая. Калі ласка, азнаёмцеся з умовамі выкарыстання

Дарагія чытачы! Catholic.by — некамерцыйны праект, існуе за кошт ахвяраванняў і дабрачыннай дапамогі. Мы просім падтрымаць нашу дзейнасць. Ці будзе наш партал існаваць далей, у значнай ступені залежыць ад вас. Шчыра дзякуем за ахвярнасць, молімся за ўсіх, хто нас падтрымлівае.

. . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . .
Папа Францішак

Бог заўсёды чакае нас.
Ён ніколі не губляе надзеі і заўсёды прабывае побач.