«Свабодныя выбіраць: міграваць або застацца», — так гучыць тэма 109-а Сусветнага дня мігранта і бежанца. 21 сакавіка яе абнародавала Дэкастэрыя па служэнні інтэгральнаму развіццю чалавека.
Як нагадвае Беларуская рэдакцыя парталу Vatican News, Сусветны дзень мігранта і бежанца ўстанавіў у 1914 годзе Папа Пій X. Раней яго адзначалі ў Касцёле ў Другую звычайную нядзелю літургічнага года. Пачынаючы з 2019 года, згодна з рашэннем Папы Францішка, ён адзначаецца ў апошнюю нядзелю верасня, якая сёлета прыпадае на 24 верасня.
Традыцыйна Папа скіроўвае спецыяльнае пасланне з нагоды Сусветнага дня мігранта і бежанца. Яно будзе абнародавана за некалькі месяцаў да падзеі.
У 2023 годзе Святы Айцец прапануе звярнуць увагу на важнасць захавання свабоды выбару чалавека ў прыняцці рашэння адносна міграцыі.
Яшчэ Папа Бэнэдыкт XVI казаў, што існуе права чалавека не міграваць — жыць на сваёй зямлі, а не ўцякаць ад вайны, пераследу, голаду ці беднасці.
Папа Францішак звяртаўся да гэтай тэмы пасля свайго падарожжа ў Ірак. У размове з журналістамі падчас пералёту з Багдада ў Рым ён заўважыў, што ў адносінах да міграцыі ёсць два правы: права не міграваць і права міграваць. Папа з жалем прызнаваў, што ў іракцаў няма ніводнага з іх: яны не могуць не міграваць з-за ўнутраных праблем і не могуць міграваць, таму што свет яшчэ недастаткова ўсвядоміў, што міграцыя — гэта права чалавека.