Пошук

14.03.2023 09:26   Vatican News
Фота: Reuters / Tony Gentile / File Photo

13 сакавіка мінула роўна дзесяць гадоў з таго часу, як аргентынскі кардынал Хорхэ Марыё Бэргольё быў абраны Папам, якім першыню ў гісторыі Касцёла стаў езуіт і прыняў імя Францішак.

«Мне здаецца, гэта адбылося ўчора», — так Святы Айцец пракаментаваў сваё абранне на Пасад святога Пятра ў дзясятую гадавіну гэтай падзеі. Пра гэта паведаміла Беларуская рэдакцыя парталу Vatican News.

На працягу апошняга дзесяцігоддзя Папа Францішак правёў тысячы сустрэч, але адна з іх захавалася ў яго сэрцы асаблівым чынам. «Самай цудоўнай была сустрэча на плошчы Святога Пятра з пажылымі людзьмі. Пажылыя — гэта мудрасць, і мне яны вельмі дапамагаюць. Таксама і я ўжо пажылы, ці не так?» — прызнаўся 86-гадовы Пантыфік.

Ён падкрэсліў, што «старыя — быццам добрае віно з доўгай вытрымкай».

«Сустрэчы з пажылымі людзьмі абнаўляюць мяне і робяць маладзейшым, не ведаю чаму», — падзяліўся Папа Францішак у спецыяльным падкасце Vatican News, прымеркаваным да дзясятай гадавіны яго абрання наступнікам святога Пятра.

Найгоршыя момант свайго пантыфікату Святы Айцец звязвае з трагедыяй вайны і чалавечых пакут. Ён узгадаў пра свае візіты на розныя вайсковыя могілкі, на якіх пахаваныя дзясяткі тысяч маладых мужчын, пра візіт у Ірак і М’янму, пра войны ў Сірыі і Емене.

Гаворачы пра вайну ва Украіне, пастыр паўсюднага Касцёла адзначыў, што яму балюча бачыць гібель з абодвух бакоў маладых людзей, якія ніколі не вернуцца дамоў. На пытанне пра тое, які падарунак Папа Францішак хацеў бы атрымаць ад свету на дзесяцігоддзе свайго пантыфікату, ён адказаў: «Мір, нам патрэбны мір».

Пры выкарыстанні матэрыялаў Catholic.by спасылка абавязковая. Калі ласка, азнаёмцеся з умовамі выкарыстання

Дарагія чытачы! Catholic.by — некамерцыйны праект, існуе за кошт ахвяраванняў і дабрачыннай дапамогі. Мы просім падтрымаць нашу дзейнасць. Ці будзе наш партал існаваць далей, у значнай ступені залежыць ад вас. Шчыра дзякуем за ахвярнасць, молімся за ўсіх, хто нас падтрымлівае.

. . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . .
Папа Францішак

Бог заўсёды чакае нас.
Ён ніколі не губляе надзеі і заўсёды прабывае побач.