Судовы вікарый Касцёльнага трыбунала Дзяржавы Ватыкан, 60-гадовы ксёндз Луіджы Сабарэзэ стаў Упаўнаважаным па абароне непаўналетніх у Ватыкане.
Як паведаміла Беларуская рэдакцыя парталу Vatican News, яго прызначыў на гэтую пасаду 29 снежня 2022 года Папскі вікарый для Дзяржавы Ватыкан кардынал Маўро Гамбэцці. Інфармацыя аб прызначэнні з’явілася ў адмысловым паведамленні ад 9 лютага. У ім адзначаецца, што ўвядзенне гэтай пасады звязана з motu proprio Папы Францішка ад 26 сакавіка 2019 года на тэму абароны дзяцей і ўразлівых асоб і, у прыватнасці, Кіраўнічых прынцыпаў па гэтым пытанні для Вікарыяту Ватыкана.
Упаўнаважаны па абароне непаўналетніх мае задачу каардынаваць і правяраць дзейнасць, якая вынікае з Кіраўнічых прынцыпаў, «каб у межах Вікарыяту супольнасць заўсёды паважала і ўсведамляла правы і патрэбы непаўналетніх і гарантавала, што ўсе формы насілля або эксплуатацыі прадухіляюцца, асабліва праз дзейнасць па падрыхтоўцы душпастырскіх работнікаў», — гаворыцца ў адмысловым паведамленні.
Акрамя таго, кожны раз, калі ўпаўнаважаны палічыць неабходным, ён «будзе праяўляць асаблівы клопат для прыняцця і суправаджэння тых, хто стаў ахвярай эксплуатацыі, сексуальнага гвалту або жорсткага абыходжання, а таксама іх родных». У гэтым яму прафесійна дапамогуць супрацоўнікі Службы суправаджэння, якой кіруюць Дырэкцыя аховы здароўя і гігіены Губернатарата і Аддзел працы Святога Пасаду.
Ксёндз Луіджы Сабарэзэ, апрача выканання згаданых вышэй функцый, з’яўляецца генеральным пракурорам манаскай Кангрэгацыі Скалабрыніянаў, дэканам факультэта кананічнага права Папскага Урбаніянскага ўніверсітэта, дарадцам у Дыкастэрыях па евангелізацыі і па справах Усходніх Касцёлаў, а таксама рэферэндарыем Найвышэйшага трыбунала Апостальскай сігнатуры.