Пошук

30.01.2023 14:26   Catholic.by

Пра ролю біскупа ў сінадальным працэсе, які цяпер праходзіць у Касцёле, ідзе гаворка ў абнародаваным 30 студзеня лісце да ўсіх каталіцкіх біскупаў, які падпісалі Генеральны сакратар Сіноду кардынал Марыё Грэк і Генеральны дакладчык XVI Звычайнай Генеральнай Асамблеі Сіноду Біскупаў кардынал Жан-Клод Ольрыш SI.

У лісце, які з’явіўся непасрэдна перад Кантынентальным этапам Сіноду, высокія падпісанты зазначаюць, што Кантынентальныя асамблеі не павінны займацца ўсімі пытаннямі, якія абмяркоўваюцца ў Касцёле.

Кардыналы нагадваюць пра адказнасць пастыраў — «бачны і трывалы падмурак еднасці ў іх мясцовых Касцёлах» (LG 23) — у тым, што датычыцца сінадальнага працэсу.

Падпісанты адзначаюць, што «немагчыма здзяйсняць касцёльную сінадальнасць без здзяйснення біскупскай калегіяльнасці», а абодва гэтыя вымярэнні жыцця Касцёла не супрацьпастаўляюцца адно аднаму, але адно не можа існаваць без другога.

Жадаючы пазбегнуць усіх магчымых непаразуменняў, кардынал Грэк і кардынал Ольрыш асаблівым чынам падкрэслілі галоўную тэму — тэму сінадальнасці, абраную Папам Францішкам для працы сінадальнай асамблеі біскупаў у кастрычніку бягучага года. «Бо ёсць тыя, хто лічыць, што ўжо ведае, якімі будуць высновы сінадальнай асамблеі. Іншыя жадалі б навязаць Сіноду парадак дня з намерам кіраваць дыскусіяй і прадвызначыць яе вынік. Аднак тэма, якую Папа вызначыў XVI Звычайнай Генеральнай Асамблеі Сіноду Біскупаў, сфармулявана ясна: „На карысць Касцёла сінадальнага: камунія, удзел і місія“.

Такім чынам, гэта — адзіная тэма, абмяркоўваць якую мы запрошаны на кожным з этапаў гэтага працэсу. Чаканні ад Сіноду Біскупаў 2021–2024 гадоў шматлікія і разнастайныя, але заданне асамблеі не ў тым, каб займацца ўсімі пытаннямі, што абмяркоўваюцца ў Касцёле», — сцвярджаецца ў лісце да біскупаў.

Напярэдадні кантынентнальных асамблей Сіноду кардыналы Грэк і Ольрыш акрэсліваюць іх асноўную мэту: узрастанне ў сінадальным стылі быцця Касцёлам.

«Чым больш мы будзем узрастаць у сінадальным стылі быцця Касцёлам, тым больш усе мы як члены Божага народа — вернікі і пастыры — навучымся sentire cum Ecclesia (адчуваць з Касцёлам — лац.) у вернасці Божаму слову і Традыцыі. Акрамя таго, як мы маглі б займацца цяжкімі пытаннямі, якія часта падзяляюць, не адказаўшы перадусім на вялікае пытанне, якое з’яўляецца выклікам для Касцёла з часу Другога Ватыканскага Сабору: „Касцёл, што ты кажаш пра сябе?“» — пішуць кардыналы Марыё Грэк і Жан-Клод Ольрыш у скіраваным біскупам лісце.

Абноўлена 30.01.2023 14:31
Пры выкарыстанні матэрыялаў Catholic.by спасылка абавязковая. Калі ласка, азнаёмцеся з умовамі выкарыстання

Дарагія чытачы! Catholic.by — некамерцыйны праект, існуе за кошт ахвяраванняў і дабрачыннай дапамогі. Мы просім падтрымаць нашу дзейнасць. Ці будзе наш партал існаваць далей, у значнай ступені залежыць ад вас. Шчыра дзякуем за ахвярнасць, молімся за ўсіх, хто нас падтрымлівае.

. . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . .
Папа Францішак

Дух хоча жыць у нас –
мы пакліканы да вечнага жыцця