Пошук

27.01.2023 11:44   Vatican News
Фота: Antoine Mekary / ALETEIA

Падчас агульнай аўдыенцыі, якая 25 студзеня прайшла ў ватыканскай Зале Паўла VI, Папа Францішак працягнуў цыкл катэхез на тэму евангелізацыйнай руплівасці і апостальскага запалу.

Гэтым разам, як паведаміла Беларуская рэдакцыя парталу Vatican News, Пантыфік звярнуў увагу на Хрыста як на Настаўніка абвяшчэння і сведчання Евангелля.

Святы Айцец заўважыў, што «радасць, вызваленне, святло, аздараўленне і здзіўленне» былі адметнымі рысамі прапаведавання Езуса, якія неабходна наследаваць сучасным вернікам.

Прапаведуючы ў сінагозе ў Назарэце, Хрыстус прачытаў словы прарока Ісаі: «Дух Пана на Мне, бо Ён намасціў Мяне абвяшчаць Добрую Навіну ўбогім, паслаў Мяне абвяшчаць вызваленне палонным і сляпым вяртаць зрок, каб выпусціць спакутаваных на свабоду, каб абвясціць год ласкі Пана». Потым Езус сказаў: «Сёння споўніліся гэтыя словы Пісання, якія вы чулі», — нагадаў Папа.

Ён заўважыў, што ў гэтым урыўку ўтрымліваецца пяць важных элементаў хрысціянскага прапаведавання: у першую чаргу яно павінна быць па-сапраўднаму радаснай навіной.

«Немагчыма казаць пра Езуса без радасці, бо вера — гэта надзвычайная гісторыя любові, якой трэба дзяліцца. Сведчыць пра Езуса, рабіць нешта для іншых у Яго імя — гэта значыць між радкоў жыцця казаць: мы атрымалі настолькі прыгожы дар, што ніякіх словаў не хопіць, каб яго выказаць», — сцвердзіў Пантыфік, дадаўшы, што сумнае абвяшчэнне Евангелля не прымаецца людзьмі.

Іншы элемент хрысціянскага прапаведавання — яно павінна несці вызваленне: Хрыстус кажа, што быў пасланы, каб вызваліць палонных, а не для таго, каб прыгнятаць іншых ці накладаць на іх цяжары і пачуццё віны.

«Безумоўна, наследаванне Езуса прадугледжвае аскезу, ахвяру; з іншага боку — калі кожная цудоўна рэч патрабуе гэтага, тым больш вызначальная рэальнасць жыцця!

Але той, хто сведчыць пра Хрыста, паказвае прыгажосць мэты, а не цяжкасць падарожжа. Магчыма, нам здаралася распавядаць каму-небудзь пра добрае падарожжа, якое мы здзейснілі: мы ж казалі пра прыгажосць мясцін, пра тое, што ўбачылі і перажылі, а не пра час, які патрацілі да дарогу, і пра чэргі ў аэрапорце! Такім чынам, кожнае абвяшчэнне, годнае Адкупіцеля, павінна перадаваць вызваленне», — параіў пастыр паўсюднага Касцёла.

Трэці аспект, на які звярнуў увагу Папа, гэта святло, якім Езус адараў праз вяртанне зроку сляпым. Гаворка ідзе пра «святло, якое дазваляе бачыць жыццё па-новаму». Таксама і для нас хрысціянскае жыццё пачалося з «прасвятлення» — менавіта так называлі сакрамэнт хросту ў старажытнасці, — сказаў Папа.

«А якое святло дае нам Езус? Святло сыноўства: Ён — умілаваны Сын Айца, вечна жывы; з Ім мы таксама з’яўляемся Божымі дзецьмі, вечна любімымі, нягледзячы на нашы памылкі і заганы. Таму жыццё больш не з’яўляецца сляпым рухам да нябыту, гэта не пытанне лёсу ці ўдачы, не тое, што залежыць ад выпадку ці зорак або нават ад здароўя і фінансаў, але ад любові Айца, які клапоціцца пра нас, сваіх любых дзяцей», — падкрэсліў Святы Айцец.

«Прапаведаванне павінна таксама несці аздараўленне», — сказаў Папа, нагадаўшы, што Езус прыйшоў, каб вызваліць людзей ад хвароб і цяжкасцяў, зробленых памылак, а ў першую чаргу ад зла і граху.

«Таму суправаджаць кагосьці на сустрэчу з Езусам азначае весці яго да лекара сэрца, які паляпшае жыццё. Гэта значыць казаць: ЈБрат, сястра, у мяне няма адказаў на многія твае праблемы, але Езус ведае і любіць цябе, Ён можа аздаравіць цябе і супакоіць тваё сэрца“, — падкрэсліў Пантыфік, дадўшы, што абцяжараныя і спакутаваныя патрабуюць у першую чаргу прабачэння, а той, хто верыць у Хрыста, можа падараваць менавіта гэта: «моц Божага прабачэння, якая вызваляе душу ад усіх правінаў».

«Абвяшчэнне Евангелля, якое дае новае жыццё, павінна выклікаць таксама здзіўленне», — сказаў Папа Францішак, гаворачы пра пяты элемент хрысціянскага прапаведавання. Ён заклікаў памятаць, што вялікія справы чынім не мы, а «ласка Пана, якая таксама і праз нас робіць непрадказальныя рэчы».

Святы Айцец яшчэ нагадаў, што Евангелле скіравана да бедных. «Давайце будзем памятаць пра іх і пра тое, што, каб прыняць Пана, кожны з нас павінен стаць убогім духам: гэта значыць пераадолець усе прэтэнзіі на самадастатковасць, усвядоміць сябе патрабуючым ласкі, заўсёды патрабуючым Бога», — завяршыў катэхезу Папа Францішак.

Абноўлена 27.01.2023 11:48
Пры выкарыстанні матэрыялаў Catholic.by спасылка абавязковая. Калі ласка, азнаёмцеся з умовамі выкарыстання

Дарагія чытачы! Catholic.by — некамерцыйны праект, існуе за кошт ахвяраванняў і дабрачыннай дапамогі. Мы просім падтрымаць нашу дзейнасць. Ці будзе наш партал існаваць далей, у значнай ступені залежыць ад вас. Шчыра дзякуем за ахвярнасць, молімся за ўсіх, хто нас падтрымлівае.

. . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . .
Папа Францішак

Спагадлівасць - гэта праява Божай
Міласэрнасці, адзін з сямі дароў Святога Духа