Раніцай 5 студзеня на ватыканскай плошчы Святога Пятра прайшлі пахавальныя абрады Папы эмэрыта Бэнэдыкта XVI, які адышоў у вечнасць 31 снежня 2022 года.
Як паведаміла Беларуская рэдакцыя парталу Vatican News, у 8.50 па цэнтральнаеўрапейскім часе цела Бэнэдыкта XVI у кіпарысавай труне было вынесена з базылікі святога Пятра, дзе яно знаходзілася з панядзелка, 2 студзеня. За гэты час са спачылым Папам эмэрытам прыйшлі развітацца каля 200 тысяч чалавек.
Пасля Ружанца ў інтэнцыі спачылага Бэнэдыкта XVI пачалася пахавальная святая Імша, якую узначаліў кардынал Джаванні Батыста Рэ, дэкан Калегіі кардыналаў. Папа Францішак прамовіў гамілію. Ён нагадаў словы «Ойча, у рукі Твае аддаю дух Мой» з Евангелля паводле Лукі (Лк 23, 46) — апошнія словы, якія Езус прамовіў на Крыжы і якія характарызавалі ўсё Яго жыццё: пастаянную адданасць ў рукі Айца свайго.
«У рукі прабачэння і спачування, ацалення і міласэрнасці, рукі намашчэння і благаслаўлення», — дадаў Пантыфік.
Паводле Папы Францішка, словы «Ойча, у рукі Твае аддаю дух Мой» — гэта запрашэнне і жыццёвы план пастыра, у сэрцы якога пульсуюць тыя ж пачуцці, што і ў сэрцы Езуса. Удзячная адданасць служэнню Пану і Яго народу, якая ўзнікае ў тым, хто належыць Богу; у тым, хто знаходзіцца пад абаронай Яго рук, пад абаронай Яго сэрца. Малітоўная адданасць, якая фармуецца і адточваецца сярод скрыжаванняў і супярэчнасцяў, з якімі сутыкаецца пастыр, які пасвіць статак. Як і Настаўнік, ён нясе на сваіх плячах стомленасць і знясіленасць ад заступніцтва за свой народ, асабліва там, дзе існуе пагроза яго годнасці.
«Быць пастырам значыць любіць, а любіць значыць быць гатовым пакутаваць», — адзначыў пастыр паўсюднага Касцёла.
Адданасць, падмацаваная суцяшэннем Святога Духа, якое заўсёды суправаджае яго ў місіі, у гарачым імкненні перадаць прыгажосць і радасць Евангелля (Gaudete et exsultate, 57), у плённым сведчанні тых, хто, як Марыя, доўга застаецца ля Крыжа, у тым цяжкім, але трывалым супакоі, які не нападае і не падпарадкоўвае, а таксама ва ўпартай, але цярплівай надзеі, што Пан выканае сваё абяцанне, якое Ён даў «бацькам нашым і яго патомству навекі» (Лк 1, 54–55).
«Таксама і мы, касцёльная супольнасць, жадаем пайсці па слядах Езуса і аддаць нашага брата ў рукі Айца: каб гэтыя рукі міласэрнасці знайшлі яго светач, запалены алеем Евангелля, якое ён распаўсюджваў і аб якім сведчыў сваім жыццём», — сказаў Святы Айцец (пар. Мц 25, 6–7). З падзякай, надзеяй і любоўю, а таксама з мудрасцю, далікатнасцю і адданасцю, якія спачылы Папа дараваў на працягу многіх гадоў, «мы хочам сказаць разам: Ойча, у рукі Твае аддаем дух яго», — дадаў Пантыфік.
«Бэнэдыкце, верны сябра Жаніха, няхай жа радасць твая будзе дасканалай, калі ты канчаткова і навекі пачуеш Яго голас!» — такімі словамі завяршыў сваю гамілію Святы Айцец.