У панядзелак 2 студзеня цела памерлага ў апошні дзень мінулага года Бэнэдыкта XVI было перанесена ў ватыканскую базыліку святога Пятра, дзе распачалося развітанне з Папам эмэрытам.
Як паведаміла Беларуская рэдакцыя парталу Vatican News, ужо задоўга да 9 гадзін раніцы панядзелка — часу адкрыцця базылікі для развітання — перад ёю сабралася вялікая чарга.
Вельмі шмат людзей прыйшло аддаць апошнюю даніну памяці пастыру, які прысвяціў малітве за Касцёл апошнія гады свайго жыцця.
На працягу амаль дзесяці гадоў пасля адрачэння ў лютым 2013 года Папа эмэрыт жыў у кляштары Mater Ecclesiæ на тэрыторыі Ватыкана.
Сярод першых, хто прыйшоў сёння ў базыліку, каб развітацца з Бэнэдыктам XVI, былі прэзідэнт Італіі Сэрджо Матарэла і італьянская прэм’ер Джорджа Мэлоні.
Цела Бэнэдыкта XVI выстаўлена перад канфесіяй святога Пятра — месца пахавання Князя апосталаў і першага Папы.
Развітанне са спачылым будзе працягвацца тры дні, з 2 па 4 студзеня. Чакаецца, што ў гэтыя дні развітацца з Папам эмэрытам прыйдзе ад 30 да 35 тысяч чалавек штодня.
Паводле прэфекта Рыма Бруно Фратасі, чакаецца, што ў пахавальных абрадах, якія 5 снежня ўзначаліць у Ватыкане Папа Францішак, возьмуць удзел каля 50–60 тысяч чалавек.