Цела Бэнэдыкта XVI будзе спачываць у кляштары Mater Ecclesiæ на тэрыторыі Ватыкана да раніцы панядзелка 2 студзеня. Ніякіх афіцыйных візітаў і публічных малітваў у гэты час не прадугледжана.
Як паведаміла Беларуская рэдакцыя парталу Vatican News, у гэты дзень, пачынаючы з 9.00, цела будзе выстаўлена ў базыліцы святога Пятра. Развітацца са спачылым можна ў панядзелак з 9.00 да 19.00, у аўторак і сераду — з 7.00 да 19.00.
Пахавальныя абрады, якія ўзначаліць Папа Францішак, пройдуць на плошчы святога Пятра ў чацвер 5 студзеня ў 9.30. Квіткі для ўдзелу не прадугледжаны.
У пахаванні возьмуць удзел афіцыйныя дэлегацыі Германіі і Італіі.
У дзень пахавання Папы эмэрыта за супакой яго душы будуць маліцца таксама ў Мінску.