Пошук

26.12.2022 08:08   Vatican News
Фота: CNS photo / Paul Haring

Убачыць у маленькім нявінным тварыку нованароджанага Хрыста «твары дзяцей, якія прагнуць міру ва ўсіх частках свету», заклікаў Папа перад традыцыйным калядным благаслаўленнем Urbi et Orbi — «Гораду і свету», — якое ён удзяліў ва ўрачыстасць Нараджэння Пана 25 снежня.

Са зместам парамовы Пантыфіка знаёміць Беларуская рэдакцыя парталу Vatican News.

«Дарагія браты і сёстры ў Рыме і ва ўсім свеце, віншую вас з Божым Нараджэннем!

Няхай Пан Езус, народжаны з Дзевы Марыі, прынясе ўсім вам Божую любоў, крыніцу даверу і надзеі; і няхай адорыць мірам, які анёлы абвясцілі бэтлеемскім пастушкам: „Хвала на вышынях Богу, а на зямлі спакой людзям добрай волі“ (Лк 2, 14)», — сказаў Святы Айцец на пачатку свайго святочнага звароту да вернікаў горада Рыма і ўсяго свету.

Папа заклікаў скіраваць позірк да Бэтлеема, заўважыўшы пры гэтым, што Пан «прыходзіць да нас у цішыні і цемры ночы, бо Божае слова не мае патрэбы ў пражэктарах і гомане чалавечых галасоў»: Ён сам з’яўляецца «Словам, якое надае сэнс існаванню, святлом, якое асвятляе шлях».

Папа Францішак падкрэсліў, што Езус нарадзіўся сярод нас, каб суправаджаць нашую штодзённасць, каб раздзяліць з намі ўсё — радасці і пакуты, надзеі і трывогі. «Ён прыходзіць безабаронным дзіцяткам. Нараджаецца ў холадзе, бедны сярод беднякоў. Патрабуючы ўсяго, Ён стукаецца ў дзверы нашага сэрца, каб знайсці цяпло і прытулак», — сказаў Святы Айцец.

Пантыфік заклікаў па прыкладзе бэтлеемскіх пастухоў дазволіць святлу агарнуць нас і пайсці паглядзець на знак, які даў нам Бог. «Пераадолеем здранцвенне духоўнай бязвольнасці і фальшывыя вобразы свята, якія прымушаюць нас забыць, дзеля каго мы святкуем. Пакінем мітусню, якая аслабляе сэрца і падштурхоўвае нас займацца падрыхтоўкай аздабленняў і падарункаў, а не сузіраць Падзею: Сына Божага, які нарадзіўся для нас», — заклікаў Папа.

Ён зазначыў, што Езус Хрыстус з’яўляецца дарогай міру.

«Праз сваё ўцелаўленне, муку, смерць і ўваскрасенне Ён адкрыў шлях з замкнёнага свету, прыгнечанага цемрай варожасці і вайны, да адкрытага свету, свабоднага для жыцця ў братэрстве і міры. Будзем жа ісці  гэтым шляхам! Але каб мець магчымасць рабіць гэта, каб мець магчымасць ісці за Езусам, мы павінны вызваліцца ад цяжару, які нас звязвае і трымае на месцы», — заўважыў Святы Айцец, патлумачыўшы, што такім «баластам» з’яўляецца прывязанасць да ўлады і грошай, ганарлівасць, крывадушнасць і хлусня.

«Гэтыя цяжары перашкаджаюць нам адправіцца ў Бэтлеем; яны выключаюць нас з ласкі Божага Нараджэння і закрываюць шлях супакою. Сапраўды, мы павінны з болем адзначыць, што ў той час, як Князь супакою дадзены нам, вятры вайны працягваюць дзьмуць над чалавецтвам», — са шкадаваннем канстатаваў Пантыфік, заклікаўшы ўбачыць у маленькім нявінным тварыку нованароджанага Хрыста «твары дзяцей, якія прагнуць міру ва ўсіх частках свету».

«Ахопім позіркам абліччы нашых украінскіх братоў і сясцёр, якія перажываюць гэтае Божае Нараджэнне ў цемры, на холадзе ці далёка ад сваіх дамоў з-за разбурэнняў, прычыненых дзесяццю месяцамі вайны. Няхай Пан зробіць нас гатовымі да канкрэтных жэстаў салідарнасці і дапамогі тым, хто пакутуе; няхай прасвятліць розумы тых, хто мае моц прымусіць змоўкнуць зброю і неадкладна пакласці канец гэтай бессэнсоўнай вайне! На жаль, людзі аддаюць перавагу іншым матывам, прадыктаваным логікай свету. Але хто прыслухоўваецца да голасу Дзіцяці?» — спытаўся пастыр паўсюднага Касцёла.

Папа заўважыў, што наш час таксама адчувае сур’ёзны голад міру ў іншых рэгіёнах, «на іншых тэатрах гэтай трэцяй сусветнай вайны». «Давайце падумаем пра Сірыю, якая ўсё яшчэ пакутуе ад канфлікту, што адышоў на другі план, але не скончыўся; і давайце падумаем пра Святую Зямлю, дзе ў апошнія месяцы ўзмацніліся насілле і сутыкненні, дзе людзі гінуць і атрымліваюць раненні. Будзем маліць Пана, каб там, на зямлю, якая стала сведкай Яго нараджэння, вярнуўся дыялог і пошук узаемнага даверу паміж ізраільцянамі і палестынцамі. Няхай Дзіцятка Езус падтрымлівае хрысціянскія супольнасці на ўсім Блізкім Усходзе, каб у кожнай з гэтых краін можна было адчуць прыгажосць братэрскага суіснавання паміж людзьмі, якія належаць да розных рэлігій. Няхай Ён асабліва дапаможа Лівану нарэшце аднавіцца пры падтрымцы міжнароднай супольнасці і моцы братэрства і салідарнасці. Няхай святло Хрыста заззяе над рэгіёнам Сахель, дзе мірнае суіснаванне народаў і традыцый парушана сутыкненнямі і насіллем. Няхай прывядзе да трывалага перамір’я ў Емене і да прымірэння ў М’янме і Іране, каб спынілася ўсё кровапраліцце. Няхай натхніць палітычныя ўлады і ўсіх людзей добрай волі на амерыканскім кантыненце працаваць над суцішэннем палітычнай і сацыяльнай напружанасці ў розных краінах; у прыватнасці, я думаю пра гаіцянаў, якія так доўга пакутуюць», — сказаў Пантыфік.

Ён заклікаў, каб, збіраючыся за святочным сталом, мы не адводзілі позірку ад Бэтлеема, што азначае «дом хлеба», і думалі пра тых, хто пакутуе ад голаду, асабліва пра дзяцей, у той час, як кожны дзень марнуецца вялікая колькасць ежы, а рэсурсы выдаткоўваюцца на зброю.

«Вайна ва Украіне яшчэ больш пагоршыла сітуацыю, паставіўшы пад пагрозу галоднай смерці цэлыя пласты насельніцтва, асабліва ў Афганістане і краінах Афрыканскага Рога. Кожная вайна, як мы ведаем, выклікае голад і выкарыстоўвае ежу ў якасці зброі, перашкаджаючы яе распаўсюджванню сярод ужо пакутуючага насельніцтва. У гэты дзень, вучачыся ў Князя супакою, давайце ўсе, і перш за ўсё тыя, хто нясе палітычную адказнасць, прымем меры, каб ежа была выключна прыладай міру. Радуючыся сустрэчы з нашымі блізкімі, падумаем пра сем’і, найбольш параненыя жыццём, а таксама пра тых, хто ў гэты перыяд эканамічнага крызісу сутыкаецца з беспрацоўем і пазбаўленнем самага неабходнага», — заахвоціў Папа.

Святы Айцец заклікаў у сённяшнім свеце, хворым на абыякавасць, «не забывацца на шматлікіх бежанцаў і перамешчаных асоб, якія стукаюцца ў нашыя дзверы ў пошуках суцяшэння, цяпла і ежы». «Не будзем забывацца пра маргіналізаваных, самотных, сіротаў і старых, якія знаходзяцца ў небяспецы быць адрынутымі; пра вязняў, у якіх мы бачым толькі іх памылкі, а не людзей», — сказаў Папа.

«Бэтлеем паказвае нам прастату Бога, які аб’яўляецца не мудрым і вучоным, але малым, тым, хто мае чыстае і адкрытае сэрца.

Падобна пастухам, давайце таксама пойдзем, не марудзячы, і ўразімся неймавернай падзеяй, калі Бог стаў чалавекам дзеля нашага збаўлення. Ён, крыніца ўсякага дабра, становіцца бедным і просіць міласціну ў нашага беднага чалавецтва. Дазволім дакрануцца да нас любові Бога і будзем наследаваць Езуса, які пазбавіў сябе сваёй славы, каб зрабіць нас удзельнікамі Яго паўнаты», — завяршыў свой зварот Папа Францішак.

Абноўлена 26.12.2022 09:34
Пры выкарыстанні матэрыялаў Catholic.by спасылка абавязковая. Калі ласка, азнаёмцеся з умовамі выкарыстання

Дарагія чытачы! Catholic.by — некамерцыйны праект, існуе за кошт ахвяраванняў і дабрачыннай дапамогі. Мы просім падтрымаць нашу дзейнасць. Ці будзе наш партал існаваць далей, у значнай ступені залежыць ад вас. Шчыра дзякуем за ахвярнасць, молімся за ўсіх, хто нас падтрымлівае.

. . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . .
Папа Францішак

Спагадлівасць - гэта праява Божай
Міласэрнасці, адзін з сямі дароў Святога Духа