У Ватыкане быў прадстаўлены лагатып і апублікавана праграма апостальскага падарожжа Папы Францішка ў Бахрэйн, якое пройдзе з 3 па 6 лістапада.
Як паведамляе Беларуская рэдакцыя парталу Vatican News, лагатып складаецца са сцягоў Каралеўства Бахрэйн і Святога Пасаду, пададзеных у стылізаванай форме як дзве рукі, адкрытыя для Бога.
Рукі таксама сімвалізуюць прыхільнасць народаў і нацый да сустрэчы без прадузятасці, у духу адкрытасці, як «братоў і сясцёр». Плён братэрскай сустрэчы — гэта мір, сімвалам якога служыць аліўкавая галінка, што трымаюць дзве рукі.
Словы «Папа Францішак» афарбаваны ў блакітны колер, таму што апостальскае падарожжа ў Бахрэйн даверана заступніцтву Найсвяцейшай Панны Марыі, якая ўшаноўваецца як Маці Божая Аравійская і з’яўляецца апякункай мясцовай катэдры, пабудаванай пры спрыянні Каралеўства Бахрэйн.
Тэма падарожжа — «На зямлі супакой людзям добрай волі» — натхнёная словамі, якія ўсклікае анёл у евангельскім тэксце пра нараджэнне Хрыста (Лк 2, 14).
Прэс-служба Святога Пасаду апублікавала таксама праграму папскага візіту ў Бахрэйн, у межах якога Папа Францішак наведае Авалі і Манаму, дзе прыме ўдзел у форуме на карысць дыялогу.
Пантыфік прыбудзе на Авіябазу Сахір у Авалі 3 лістапада каля 16.45. У гэты дзень, акрамя цырымоніі прывітання, запланаваныя дзве сустрэчы: з каралём Бахрэйна, а таксама з прадстаўнікамі ўлады, грамадзянскай супольнасці і дыпламатычнага корпусу.
На наступны дзень, 4 лістапада, Святы Айцец возьме ўдзел ва ўрачыстым закрыцці Бахрэйнскага форуму на карысць дыялогу: «Усход і Захад за чалавечае суіснаванне» (Bahrain Forum for Dialogue: East and West for Human Coexistence). Пасля абеду яго чакае размова з Вялікім імамам Аль-Азхара, а потым — з мясцовай Мусульманскай радай старэйшын. Завершыць дзень экуменічная сустрэча і малітва за мір у катэдры Маці Божай Аравійскай.
Дзень 5 лістапада Пантыфік прысвеціць мясцовай каталіцкай супольнасці.
Спачатку ён возьме ўдзел у Імшы на Бахрэйнскім нацыянальным стадыёне, падчас якой прамовіць гамілію, а потым у мясцовай школе Найсвяцейшага Сэрца правядзе сустрэчу з моладдзю.
У апошні дзень візіту, 6 лістапада, Папу Францішка чакае сустрэча з духавенствам, кансэкраванымі асобамі, семінарыстамі і душпастырскімі супрацоўнікамі. Яна адбудзецца ў касцёле Найсвяцейшага Сэрца ў Манаме. Там ён узначаліць малітву Анёл Панскі.
Вяртанне Папы ў Рым чакаецца ўвечары таго ж дня.