Пошук

11.08.2022 11:11   Vatican News
Фота: CNS photo / Yara Nardi, Reuters

Старасць, пражытая ў чаканні Пана, можа стаць споўненай «апалогіяй» веры, — адзначыў Святы Айцец падчас агульнай аўдыенцыі, якая 10 жніўня года прайшла ў Ватыкане.

Як паведамляе Беларуская рэдакцыя парталу Vatican News, працягваючы цыкл катэхез, прысвечаны пажылому ўзросту, Папа Францішак прапанаваў паразважаць пра старасць у святле развітальнай прамовы Езуса, які суцяшаў вучняў, кажучы: «Няхай не трывожыцца сэрца вашае», а таксама паабяцаў ім: «Калі пайду і падрыхтую вам месца, прыйду зноў і забяру вас да сябе, каб і вы былі там, дзе Я» (Ян 14, 1.3).

Пантыфік зазначыў, што «старасць — гэта спрыяльны час для кранальнага і радаснага сведчання» чакання Хрыста.

І нават калі ў пажылым узросце «справы веры, якія набліжаюць нас і іншых да Божага Валадарства», губляюць «сілу энергіі, словаў, запалу, уласцівую маладосці і сталасці», але менавіта яны «робяць яшчэ больш выразным абяцанне сапраўднага прызначэння жыцця: месца за сталом з Богам, у Божым свеце».

«Было б цікава паглядзець, ці існуюць у мясцовых Касцёлах нейкія канкрэтныя ініцыятывы, прызначаныя адрадзіць гэтае асаблівае служэнне чакання Пана, падтрымліваючы індывідуальныя харызмы і грамадскія якасці пажылой асобы», — прапанаваў задумацца Папа.

Пантыфік заўважыў, што той, хто пражывае старасць у смутку па страчаных магчымасцях, нясе смутак і сабе, і іншым. Аднак калі перажываць старасць з павагай да рэальнага жыцця, можна канчаткова разбурыць памылковае ўяўленне пра чалавечыя сілы як неабходныя толькі для саміх сябе і ўласнага поспеху, а таксама пра Касцёл, дапамагаючы яму не прыстасоўвацца да гэтага свету, думаючы, што такім чынам можна дасягнуць дасканаласці і рэалізацыі.

«Наша жыццё не прызначана для таго, каб закрыцца ў сабе, ва ўяўнай зямной дасканаласці: яно прызначана сягаць далей, прайсці праз смерць. Насамрэч, наша надзейнае месца, наш пункт прыбыцця знаходзіцца не тут, а побач з Панам, дзе Ён прабывае вечна», — сцвердзіў Пантыфік.

Папа Францішак падкрэсліў, што «на зямлі распачынаецца працэс нашага «навіцыяту»: мы вучні жыцця, якія — пасярод тысяч цяжкасцяў — вучацца цаніць Божы дар, з гонарам і адказнасцю дзяліцца ім і рабіць так, каб ён прыносіў плён для ўсіх». На думку Святога Айца, саманадзейнае жаданне спыніць час — прагненне вечнай маладосці, бязмежнага дабрабыту, абсалютнай улады — не толькі немагчымае: яно абсурднае.

«Наша існаванне на зямлі — гэта час уваходу ў жыццё, якое знаходзіць спаўненне выключна ў Богу <…>. У старасці мы канчаткова пазнаем сэнс часу і абмежаванні месца, у якім перажываем нашу ініцыяцыю», — сказаў Папа. Пастыр паўсюднага Касцёла заўважыў, што Пан заклікае радавацца прамінанню часу, якое не з’яўляецца пагрозай, а абяцаннем, таму што «Божы свет — гэта бясконцая прастора, над якой мінанне часу больш не мае ўлады».

«Дарагія браты і сёстры, старасць, пражытая ў чаканні Пана, можа стаць споўненай „апалогіяй веры“, якая дае кожнаму адказ пра нашу надзею (пар. 1 П 3, 15). Старасць робіць зразумелым абяцанне Езуса, скіроўваючы да Святога горада, пра які кажа кніга Апакаліпсісу. Старасць з’яўляецца найбольш адпаведным жыццёвым этапам для пашырэння радаснай навіны пра тое, што жыццё — гэта ўваход у канчатковае спаўненне.

Лепшае яшчэ наперадзе: вось пасланне пажылых людзей. Няхай Бог дасць нам старасць, здольную на гэта!», — пажадаў на завяршэнне катэхезы Папа Францішак.

Пры выкарыстанні матэрыялаў Catholic.by спасылка абавязковая. Калі ласка, азнаёмцеся з умовамі выкарыстання

Дарагія чытачы! Catholic.by — некамерцыйны праект, існуе за кошт ахвяраванняў і дабрачыннай дапамогі. Мы просім падтрымаць нашу дзейнасць. Ці будзе наш партал існаваць далей, у значнай ступені залежыць ад вас. Шчыра дзякуем за ахвярнасць, молімся за ўсіх, хто нас падтрымлівае.

. . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . .
Папа Францішак

Бог заўсёды чакае нас.
Ён ніколі не губляе надзеі і заўсёды прабывае побач.