Пошук

09.06.2022 06:00   Vatican News
Фота: CNS photo / Paul Haring

Падчас агульнай аўдыенцыі, якая 8 чэрвеня прайшла на плошчы святога Пятра ў Ватыкане, Папа Францішак працягнуў цыкл катэхез на тэму старасці.

Як паведаміла Беларуская рэдакцыя парталу Vatican News, гэтым разам Святы Айцец звярнуў увагу на «аднаго з самых значных пажылых людзей у Евангеллі» — юдэйскага старэйшыну Нікадэма, які, жадаючы пазнаць вучэнне Езуса, прыйшоў да Яго патаемна ўначы.

Падчас іх размовы выявілася сутнасць аб’яўлення Езуса і Яго збаўчай місіі: «Бо так палюбіў Бог свет, што аддаў Сына свайго Адзінароднага, каб кожны, хто верыць у Яго, не загінуў, але меў жыццё вечнае», — нагадаў Папа.

Езус сказаў Нікадэму, што для таго, каб «убачыць Божае Валадарства» трэба «нарадзіцца нанава». Гаворка не ідзе пра тое, каб зноў прыйсці на свет, спадзеючыся, што рэінкарнацыя дасць магчымасць лепшага жыцця, — удакладніў Пантыфік, падкрэсліўшы, што «такое паўтарэнне не мае сэнсу; больш за тое, яно пазбавіла б усялякага значэння пражытае жыццё». Насамрэч гаворка ідзе пра «нараджэнне паводле Духа», прымірэнне з Божай любоўю.

Нікадэм кепска зразумеў, у чым сэнс нараджэння нанава, аргументуючы яго немагчымасць пажылым узростам: маўляў «чалавек непазбежна старэе, мара пра вечную маладосць беззваротна аддаляецца, а завяршэнне жыцця — гэта вынік кожнага наражэння ў часе», — сказаў Пантыфік.

«Аргументы Нікадэма вельмі павучальныя для нас. Іх можна абвергнуць у святле словаў Езуса і адкрыць місію, якая належыць старасці.

Насамрэч быць пажылым — не толькі не перашкода для нараджэння нанава, пра якое кажа Езус, але належны час, каб асвяціць яго і вызваліць ад неразумення згубленай надзеі», — адзначыў Папа.

Ён дадаў, што наша эпоха і культура культывуе міф пра вечную маладосць, адчайную апантанасць нятленнасцю цела, на дапамогу чаму прыходзяць лекі і касметыка, якія запавольваюць, хаваюць, аддаляюць старасць. «Чаму старасцю пагарджаюць рознымі спосабамі? — Таму што яна неабвержна рассейвае гэты міф, які хацеў бы вярнуць нас ва ўлонне маці дзеля вечна маладога цела», — сцвердзіў Папа, зазначыўшы, што фізічны дабрабыт і культываванне міфу пра вечную маладосць — гэта розныя рэчы.

«Жыццё ў смяротным целе — гэта цудоўная „незавершанасць“, уласцівая некаторым творам мастацтва, якія маюць непаўторную прыцягальнасць менавіта ў сваёй незавершанасці. Зямное жыццё — гэта пачатак, „ініцыяцыя“, а не завяршэнне: мы прыходзім у свет менавіта такімі, сапраўднымі людзьмі, назаўсёды», — падкрэсліў Пастыр паўсюднага Касцёла.

Ён адзначыў, што вера дазваляе нам «убачыць» Божае Валадарства, заўважыць знакі надзеі на спаўненне нашага прызначэння для Божай вечнасці. Гаворка ідзе пра «знакі евангельскай любові», — сказаў Святы Айцец, падкрэсліўшы, што старасць перадае людзям не толькі тугу па нараджэнні ў часе, але таксама любоў да пункту прызначэння.

З такой перспектывы пажылы ўзрост мае выключную прыгажосць: мы скіроўваемся да Вечнага, да мэты, да Божых Нябёсаў, — сцвердзіў Пантыфік.

Ён таксама заўважыў, што старасць — гэта асаблівы час для вызвалення будучыні ад тэхнакратычнай ілюзіі біялагічнага і рабатызаванага выжывання, шанц для адкрыцця пяшчоты Творцы.

«Няхай Святы Дух дазволіць нам адкрыць нанава духоўную і культурную місію старасці, якая прымірае нас з нараджэннем нанава», — завяршыў сваю катэхезу Папа Францішак.

Абноўлена 09.06.2022 06:37
Пры выкарыстанні матэрыялаў Catholic.by спасылка абавязковая. Калі ласка, азнаёмцеся з умовамі выкарыстання

Дарагія чытачы! Catholic.by — некамерцыйны праект, існуе за кошт ахвяраванняў і дабрачыннай дапамогі. Мы просім падтрымаць нашу дзейнасць. Ці будзе наш партал існаваць далей, у значнай ступені залежыць ад вас. Шчыра дзякуем за ахвярнасць, молімся за ўсіх, хто нас падтрымлівае.

. . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . .
Папа Францішак

Дух хоча жыць у нас –
мы пакліканы да вечнага жыцця