Пошук

03.06.2022 09:32   Vatican News
Фота: АР photo / Gregorio Borgia

Падчас агульнай аўдыенцыі, якая 1 чэрвеня прайшла на плошчы святога Пятра ў Ватыкане, Святы Айцец працягнуў цыкл катэхез, прысвечаны пажылому ўзросту.

Як паведаміла Беларуская рэдакцыя парталу Vatican News, гэтым разам біблійнай падставай папскай катэхезы стала «прыгожая малітва старца», змешчаная ў 71-м псальме. Пантыфік звярнуў увагу на цяжкія выпрабаванні, уласцівыя гэтаму перыяду жыцця, а таксама на іх значэнне для годнага перажывання веры і надзеі.

Пажылы ўзрост часта звязаны з досведам чалавечай слабасці, кволасці і безабароннасці, а старых людзей нярэдка пакідаюць, падманваюць, абяздольваюць і абражаюць, — заўважыў Святы Айцец.

«Дастаткова тых, хто выкарыстоўвае пажылых людзей, каб падмануць іх або запалохаць тысячамі спосабаў. Мы часта чытаем у газетах ці чуем навіны пра пажылых людзей, якіх бессаромна падманулі, каб завалодаць іх ашчаджэннямі; якіх пакінулі без абароны і клопату; якіх абразілі рознымі формамі пагарды і запалохалі, каб яны адмовіліся ад сваіх правоў. Такія жахлівыя рэчы здараюцца нават у сям’і», — з жалем канстатаваў Святы Айцец.

Ён нагадаў, што грамадства павінна клапаціцца пра сваіх старых, колькасць якіх расце і якія часта становяцца ўсё больш і больш пакінутымі. «Калі чуем пра пажылых людзей, якіх пазбавілі іх аўтаномнасці, іх бяспекі, нават іх жылля, тады разумеем, што амбівалентнасць сучаснага грамадства ў адносінах да пажылога ўзросту — гэта не пытанне выпадковых скрайніх сітуацый, але рыса культуры адчужэння, што атручвае свет, у якім мы жывем», — адзначыў Папа.

Ён дадаў, што пажылыя людзі часта не толькі губляюць годнасць, але нават пачынаюць сумнявацца ў тым, ці варта ім працягваць існаванне. У выніку «мы ўсе сустракаемся са спакусай хаваць нашу ўразлівасць, хаваць нашу хваробу, наш узрост, нашу старасць, бо баімся, што яны стануць пачаткам страты нашай годнасці».

«Як магчыма, што сучасная цывілізацыя, такая развітая і эфектыўная, з’яўляецца настолькі бязраднай у адносінах да хваробы і старасці? Як магчыма, што палітыка, якая так шмат займаецца вызначэннем межаў годнага выжывання, адначасова з’яўляецца неадчувальнай да годнасці поўнага любові суіснавання са старымі і хворымі?» — задаў пытанні пастыр паўсюднага Касцёла.

Ён заўважыў, што пажылыя людзі, якія бачаць сваю старасць як паразу, павінны адкрыць для сябе давер да Бога. Ён працытаваў словы святога Аўгустына, які казаў, што менавіта «тады будзе ў цябе сіла Яго [Бога], калі пазбавішся сілы тваёй».

«Сорам павінен пасці на тых, хто карыстаецца слабасцю хворых і пажылых людзей. Малітва, аднак, абнаўляе ў сэрцы пажылога чалавека абяцанне Божай вернасці і благаслаўлення. Пажылы чалавек нанава адкрывае для сябе малітву і сведчыць пра яе сілу», — нагадаў Пантыфік.

На яго думку, пажылыя, у сілу сваёй слабасці, могуць навучыць людзей, якія перажываюць іншы жыццёвы перыяд, давяраць Пану і прасіць Яго дапамогі. «У такім сэнсе, мы ўсе павінны навучыцца ад пажылых: насамрэч, дарам з’яўляецца старасць, якая разумеецца як адданне сябе пад апеку іншым, пачынаючы ад самаго Бога», — дадаў Святы Айцец.

На яго думку, існуе «ўрок слабасці», які пажылыя людзі могуць даць усім. Гэта адкрывае ключавую перспектыву для рэформы нашай цывілізацыі — неадм’емнай рэформы, якая пойдзе на карысць суіснавання ўсіх.

Святы Айцец папярэдзіў, што «маргіналізацыя старасці» аказвае кепскі ўплыў «на ўсе іншыя перыяды жыцця, не толькі на пажылы».

«Старасць прыходзіць да ўсіх», — нагадаў Папа Францішак, заклікаўшы адносіцца да пажылых людзей так, як хочам, каб да нас адносіліся ў старасці.

Абноўлена 03.06.2022 09:34
Пры выкарыстанні матэрыялаў Catholic.by спасылка абавязковая. Калі ласка, азнаёмцеся з умовамі выкарыстання

Дарагія чытачы! Catholic.by — некамерцыйны праект, існуе за кошт ахвяраванняў і дабрачыннай дапамогі. Мы просім падтрымаць нашу дзейнасць. Ці будзе наш партал існаваць далей, у значнай ступені залежыць ад вас. Шчыра дзякуем за ахвярнасць, молімся за ўсіх, хто нас падтрымлівае.

. . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . .
Папа Францішак

Спагадлівасць - гэта праява Божай
Міласэрнасці, адзін з сямі дароў Святога Духа